«…Як багiня кахання і роднасцi, як багiня дабра і святла. Твой задумны пагляд заварожвае…» — гучала песня ў аддзеле ЗАГС Полацкага райвыканкама, калi маладыя выконвалi свой першы сямейны танец.
Нічога дзіўнага, бо ў адзін з летніх дзён палачане Андрэй Барун і Юлія Бурнасенка пажадалі правесцi цырымонiю заключэння шлюбу ў беларускiх народных традыцыях. Для нашых мясцiн гэта пакуль што ў навiну. Але, па словах начальніка аддзела ЗАГС Наталлi Салаўёвай, прыносячы свае заявы, маладыя людзi ўсё часцей цiкавяцца гэтай тэмай, нават выказваюць нейкiя свае iдэi. «Мы толькi «за» адраджэнне беларускiх традыцый i заўжды iдзём насустрач такiм прапановам, прыслухоўваемся да пажаданняў», — дзелiцца яна.
Дзея заварожвае. Нявеста — у белай сукенцы, упрыгожанай узорамi, выкананымi ў выглядзе беларускай вышыванкi. На галаве — вянок з кветак. Жанiх да пары маладой апрануты ў белую кашулю з адпаведным чырвоным арнаментам і святочныя штаны.
Пад гукi баяна, вясельныя напевы i апладысменты гасцей пара наблiжаецца да бярозавай брамы, аздобленай рознакаляровымi стужкамi (ciмвал нябеснага бласлаўлення двух закаханых на новае жыццё). З караваем на ручнiку тут iх сустракае начальнік аддзела ЗАГС Наталля Анатольеўна. Яна выказвае добрыя словы ў адрас маладых, прапаноўвае адламаць па кавалачку ад пiрага і пачаставаць адзiн аднаго ў знак таго, што ў сумесным жыццi і радасць, і смутак яны будуць дзялiць напалову.
А дзеля таго, каб па жыццi будучыя муж і жонка заўжды iшлi побач, руку нявесты прывязвае да рукi жанiха пры дапамозе яшчэ аднаго ручнiка. У такiм выглядзе, праходзячы праз браму, маладыя трапляюць ва ўрачыстую залу, становяцца на падрыхтаваны загадзя ручнiк і на пытанне: «Цi згодны?..» кожны з iх мовiць запаветнае: «Так».
Рашэнне быць мужам і жонкай замацоўваецца подпiсамi, пасля чаго маладыя абменьваюцца заручальнымi пярсцёнкамi. Iстотным момантам цырымонii з’яуляюцца словы падзякi і нiзкi паклон самым галоўным людзям — бацькам.
Прашу новаспечаных мужа і жонку падзялiцца ўражаннямi. «Вельмi прыемна, што рэгістрацыя вытрымана ў нацыянальным каларыце. Усё прыгожа і незвычайна. На жаль, у нас мала практыкуецца нешта такое, хацелася б, каб беларускiя нацыянальныя традыцыi ўжывалiся больш шырока ў паўсядзённым жыццi, каб мы памяталi i шанавалi тое, што перадалi нам нашыя продкi», — кажа Андрэй.
На пытанне, чаму менавiта гэты стыль абралi для свайго вяселля, адказаў: «Прысутнічалі на падобным вяселлi ў сяброў, вельмi спадабалася, як было ўсё арганiзавана і праведзена, таму вырашылi ўзяць з iх прыклад».
Галоўныя атрыбуты свята — каравай, брама, ручнiкi. Яшчэ нашы бабулi і iх бабулi ведалi, што гэта ўсё — сiмвалы шчаслiвага жыцця і дабрабыту. Таму, калi сустракаешся з iмi, адчуваеш нейкае трапятанне, захапленне, павагу да продкау, бачыш бясконцую сувязь пакаленняў, якая, здаецца, аб’ядноўвае і надае жаданне зрабiць нешта добрае для будучых пакаленняў нашых нашчадкау.