У полацкім Сафійскім саборы адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў

Главное

Чвэрць стагоддзя мінула са дня прыняцця галоўнага Закона нашай краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І менавіта 15 сакавіка мы, беларусы, адзначаем Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды ў мінулую пятніцу ў Сафійскім саборы ва ўрачыстай атмасферы лепшыя навучэнцы школ Полаччыны, якія маюць асаблівыя заслугі ў вучобе, спорце, грамадскай дзейнасці, атрымалі галоўны ў жыцці дакумент — пашпарт.

Святочны момант з юнымі палачанамі раздзялілі ганаровыя госці — намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч, начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, выконваючая абавязкі першага сакратара РА ГА «БРСМ» Яна Лапановіч, прадстаўнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Полацкага райвыканкама Вольга Ксянзова, Ганаровы грамадзянін г.Полацка Уладзімір Тачыла, старшыня Полацкага райсавета ветэранаў Галіна Муравей. У зале таксама прысутнічалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. У знак па­дзякі і бясконцай павагі яны атрымалі кветкі ад маладога пакалення.

Безумоўна, хвалюючым стала мерапрыемства не толькі для саміх віноўнікаў урачыстасці, але і для іх бацькоў. «Вельмі прыемна, што ў гэтым прыгожым гістарычным месцы сёння атрымлівае галоўны дакумент мая дачка, — адчувае гонар Таццяна Лазарэвіч, маці Лізаветы Лазарэвіч, вучаніцы 8-га класа БШ №3 г.Полацка. — Наогул, лічу падобныя падзеі важнымі, бо яны надаюць больш упэўненасці дзецям, стымулюць іх на новыя дасягненні». «Для мяне гэта важнае мерапрыемства, якое я запомню надоўга, — кажа Ліза. — Эмоцыі адчуваю змешаныя. Але хочацца стаць лепшай, адкрыцца насустрач новым перамогам і зрабіць яшчэ больш карысных спраў для горада і нават краіны».


Права ўручыць пашпарты і Канстытуцыю юнакам і дзяўчатам прадаставілі ганаровым гасцям.
Ад імя новаспечаных уладальнікаў пашпартоў Рэспублікі Беларусь абяцанне быць дастойнымі грамадзянамі краіны і прадаўжальнікамі спраў слаўных сыноў Полаччыны дала вучаніца СШ №8 Лізавета Пазік.

Урачыстую частку акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!» упрыгожылі ўверцюры «Усяслаў Брачыслававіч», «23 гвардзейцы», пастаўленныя творчымі гістарычнымі майстэрнямі ў рамках гісторыка-адукацыйнага праекта «Стужка часу». Настрою імпрэзе дадала арганная музыка ў выкананні Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай.