Жніво на Полаччыне выйшла на фінішную прамую. Надвор’е спрыяе, і аграрыі імкнуцца хутчэй завяршыць уборачную кампанію. Свой уклад у хлебны каравай раёна ўносяць маладыя камбайнеры і кіроўцы. Некаторыя з іх ужо дасягнулі тысячнага рубяжа. З віншаваннямі да маладых лідараў жніва адправіўся першы сакратар Полацкага РК ГА «БРСМ» Ягор Падольскі.
Канешне, віншавалі лідараў на полі. Першым прыпынкам стала УП «Гараны-Агра», дзе ў складзе экіпажа-тысячніка на КЗС-1218 працуе малады памочнік камбайнера Аляксандр Маханёк. Засталі хлопца падчас абеду. Першы сакратар РК ГА «БРСМ» уручыў падарунак і пажадаў Сашу баявога настрою і поспехаў у працы.
— Калі падыходзіш да тысячнага рубяжа, адчуваеш эмацыянальны ўздым, а пасля неяк выдыхаеш з палёгкай, — прызнаўся малады чалавек.
Наступным прыпынкам стала ААТ «Кушлікі», дзе ў ліку перадавікоў працавіты хлопец Андрэй Гарнастай. Разам са старшым камбайнерам Аляксандрам Каросцікам на Mega-204 ужо намалацілі больш за тысячу тон зерня і імкнуцца дасягнуць палутаратысячнага намалоту.
Экіпаж працуе з самага ранку і да позняга вечара, пакуль раса не спадзе. Бывае так, што дамоў едуць у прыцемку. Але зараз галоўнае — убраць ураджай. Для Андрэя гэта трэцяе жніво, дарэчы, і тысяча тон зерня на рахунку ў хлопца таксама трэцяя.
— Віншаванні атрымліваць заўсёды прыемна, але часу на іх няма, трэба авёс убіраць, — усміхаецца малады камбайнер.
Андрэй працу сваю любіць, асабліва гарачую пару жніва, калі шуміць наліўны колас і ракоча матор любімага Mega-204. Хлопец разам з жонкай выхоўвае двух сыноў, старэйшы ўжо цягнецца да тэхнікі. Кожную вольную хвілінку камбайнер імкнецца праводзіць з сям’ёй.
— У Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі склалася добрая традыцыя адзначаць перадавікоў. І вельмі прыемна, што наша моладзь не саступае вопытным працаўнікам, імкнецца прадэманстраваць якасную працу, што асабліва важна, калі гаворка ідзе пра харчовую бяспеку нашай краіны, — зазначыў Ягор Падольскі.
Пад гул камбайнаў хлопец прымаў віншаванні, майку з надпісам «Полацк руліт» і падарунак ад ГА «БРСМ». Затрымліваць Андрэя доўга не сталі, толькі пажадалі дасягнуць заветнага рубяжа ў 1500 тон зерня.
Ёсць тысячнікі і сярод маладых кіроўцаў, якія задзейнічаны на адвозцы зерня, пра іх мы раскажам ў бліжэйшых нумарах «ПВ».