У Полацкім РЦК упершыню адбыўся раённы этнафэст «Жывая даўніна»

Общество

У Полацкім раённым Цэнтры культуры ўпершыню адбыўся раённы этнафэст «Жывая даўніна» ў рамках Года малой радзімы, які прайшоў пры падтрымцы аддзелаў культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама, РА «Беларускі прафсаюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму», РА ГА «БРСМ», УВП «Полацкі малочны камбінат».

Сапраўднае свята
Этнафэст стаў сапраўдным святам беларускай традыцыйнай культуры і сямейнага дабрабыту. Гасцей сустракалі легенды «Полацкай Гранд-батлейкі», разгарнулася выніковае мерапрыемства праекта «Цікавае падарожжа Надзейкі. Малая радзіма пачынаецца з сям’і». У глядзельнай зале можна было падтрымаць удзельнікаў турніру народных танцаў.


Падрабязнасці васьмі «Цікавых падарожжаў Надзейкі» па Полацкім раёне ўвайшлі ў зборнік, які прэзентаваны падчас этнафэста. Утульную атмасферу дапамагала падтрымліваць каларытнае афармленне залы, якое было створана рукамі кіраўніка народнага клуба «Майстар» Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Іны Карандзей.

Героі праекта
На жаль, не ўсе ўдзельнікі праекта змаглі прысутнічаць на мерапрыемстве. 92-гадовая Ніна Канстанцінаўна Люцько з Ветрына прымае гасцей у сваёй хаце, але ўжо не асмельваецца на вандроўку ў Полацк.


Вельмі прыемна было бачыць сям’ю Скараходавых з в.Бельчыца ў поўным складзе: Ганна і Андрэй адклалі свае важныя справы і прыехалі на этнафэст разам з дзецьмі, якіх у сям’і пяцёра! Яны займаюцца пчалярствам, вучаць гэтай справе дзетак, прымаюць удзел у міжнародных конкурсах. Ганна прыгатавала мядовыя пернікі, дэсерт з сухафруктаў на мяду, а вось мужчын асабліва мог зацікавіць рулет з мясам лася. Упрыгожваннем святочнага стала сталі самаробныя пахучыя свечкі з пчалінага воску.


Наталля Абжыгайлава — аматарка здаровага ладу жыцця з в.Багатырская, падчас здымак праекта знаходзілася ў «цікавым» становішчы. На выніковае мерапрыемства яна прыбыла з мужам Аляксандрам, дачкой Ланай, сяброўкамі па фітнэс-студыі і немаўляткам Аляксеем. Нечаканым падарункам стаў яскравы фітнэс-майстар-клас ад Наталлі і яе групы падтрымкі.


З аг.Кушлікі на этнафэст прыехалі Аляксандр і Алена Цяцера разам з дачушкай Палінай. Зусім нядаўна сям’я прадстаўляла Полаччыну ў фінале рэспубліканскага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар вёскі», які праходзіў у аг.Ракаў Мінскай вобласці. Вось і на роднай зямлі гэтая сям’я яшчэ раз прадэманстравалі сваю добразычлівасць.
Галіну Цімафееўну Тофараву, якая прадстаўляе трэцяе пакаленне сям’і Якаўлевых з Зялёнкі, прыехалі падтрымаць удзельнікі народнага тэатра мініяцюр «Веснік» Зялёнкаўскага СДК. А вось Ала Васільеўна Шульга з в.Машэлева разам з сынам, нявесткай і ўнучкай частавалі хатнімі прысмакамі ды самаробным гарбузова-бруснічным сокам.
Аксана Мурашка прадстаўляла працавітую сям’ю з Новых Гаран. Яе стол ламіўся і ад прысмакаў, і ад узнагарод за працоўныя дасягненні. А вось сын Аляксандр прыехаў не толькі падтрымаць маці, але і прыняць удзел у турніры народных танцаў.


На турніры танцаў
Свята працягнуў турнір народных танцаў, у якім прынялі ўдзел 22 пары з Полацка, Полацкага і Віцебскага раёнаў. Канкурсантам давялося паспрачацца ў выкананні танцаў кракавяк, лысы і падэспань.


Народны фальклорны калектыў «Галасы спадчыны» Багатырскага СДК акрамя танцавальнага майстар-класа прадэманстраваў спеўную традыцыю выканання жніўных і купальскіх песень «у пера­хлёст», якой у 2019 г. нада­дзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Выступленне фальклорнага ансамбля «Блізнянка» Сільніцкага СДК перанесла ўсіх гледачоў на свята народнага календара Юр’е.


Бясспрэчнымі пераможцамі турніру народных танцаў сталі Станіслаў Палякоў і Ксенія Прызба з Віцебскага раёна, другое месца падзялілі дзве пары: Дар’я Парфененка, Арцём Кірпічонак з в.Азіна і Таццяна Стараннік, Рэнат Хабібулін з в.Багатырская. На трэцім месцы аказаліся Алена Мароз, Андрэй Худобкін з Зялёнкі і Аляксей Нахаенка, Карына Дыкленка з Віцебскага раёна. Спецыяльным прызам адзначана самая юная пара ўдзельнікаў — Сяргей Крымоўскі і Аліна Ігнацьева з аг.Рудня.

Кацярына Паўловіч, рэдактар Полацкага РЦК (тэкст і фота).