У Полацкім раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адкрылася выстава «Маляваны цуд»

Культура

У Полацкім раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адкрылася выстава «Маляваны цуд» мастачкі Святланы Скавырка.  Першымі падзівіцца на гэтыя маляўнічыя дзівосы і пазнаёміцца з іх аўтарам пашчасціла тым, хто завітаў на адкрыццё выставы…

Пачалася сустрэча з музычнага падарунка, якім тут традыцыйна вітаюць дарагіх гасцей. Для аўтара выставы і ўсіх прысутных спявала вакальная група народнага ансамбля беларускай песні і музыкі «Полацкія россыпы».


Настроіўшыся на хвалю творчасці, публіка з цікавасцю даведалася пра жыццёвы шлях Святланы Скавырка, яе захапленне маляваннем, якое бярэ пачатак з дзяцінства, станаўленне ў якасці мастака, спробы роспісу па тканіне. А прадстаўленыя на выставе работы — каля трыццаці дываноў і макатак (макатка — па памеру меншая за дыван), якія стварыла загадчык Глыбоцкага дома рамёстваў, народны мастак Беларусі Святлана Скавырка і яе вучні, — яскрава прадэманст­равалі вынік натхнёнай працы па стварэнні маляванак.
Святлана Скавырка захапілася маляванымі дыванамі, калі ў 2005 годзе пачала працаваць у Глыбоцкім доме рамёстваў. У 2008-м яна скончыла курсы ў Віцебску і прывезла дадому калекцыю работ па матывах вядомага пісьменніка, настаўніка, этнографа і фальк­ларыста, археолага і мастака Язэпа Драздовіча, які шмат часу прысвячаў стварэнню маляваных дываноў, імкнучыся развіваць мастацкі густ простых сялян. Сёння Святлана Скавырка — аўтар арыгінальных работ, якімі захапляюцца спецыялісты і гледачы, яна з’яўляецца лаўрэатам і пераможцай шматлікіх конкурсаў. Адна з найбольш значных яе ўзнагарод — Гран-пры конкурсу майстроў традыцыйнага і сучаснага роспісу «Фарбы нябёсаў», які праходзіў у рамках XXIII Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». А ў 2016 годзе за адраджэнне маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я Святлане Анатольеўне было прысвоена ганаровае званне «Народны мастак Беларусі».


З адкрыццём выставы «Маляваны цуд» у палачан і гасцей горада з’явілася магчы­масць пазнаёміцца з творчасцю Святланы Скавырка, а ў першых наведвальнікаў — нават далучыцца да яе майстар-класа. Дырэктар Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыя­нальных культур Вольга Шаркевіч падзякавала сваёй калезе і мастачцы за супрацоўніцтва, выказала захапленне яе работамі і пажадала новых творчых поспехаў і дабрабыту.

Беларускія маляванкі — унікальная з’ява славянскай культуры. Яны былі шырока распаўсюджаныя на тэрыторыі Беларусі з канца XIX стагоддзя і набылі асаблівую папулярнасць у 20-50 гады XX стагоддзя. Амаль у кожнай сельскай хаце сцены ў тыя часы былі ўпрыгожаны маляванымі дыванамі. Яны былі жаданымі падарункамі на юбілеі і вяселлі, служылі сямейным абярогам.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *