Жніво ў Полацкім раёне заканчваецца, райкам прафсаюза работнікаў АПК штодзень падводзіць вынікі працы ў полі.

На бягучым тыдні з нагоды чарговых тысячных намалотаў і перавозак старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі шчыра віншаваў чарговых лідараў, якія намалацілі тысячу тон залатога збожжа.
Цёплая сустрэча адбылася на мехдвары ААТ «Новыя Гараны». Працавітыя мужчыны Сяргей Бараноўскі і Аляксандр Галай не хавалі радасці ад таго, што надвор’е дазволіла без страт убраць вырашчаны ўраджай. Іх экіпаж не першы год лідзіруе на жніве, а высокі прафесіяналізм дазволіў намалаціць тысячу тон збожжа і сёлета. Аляксандр Дабраслаўскі таксама ўручыў падзячны ліст і прэмію за перавозку тысячы тон збожжа вадзіцелю Генадзію Даніленку.
На працоўным месцы ў полі прымалі віншаванні перадавікі з ААТ «Кушлікі». Маладзёжны экіпаж у складзе Юрыя Панчанкі і Дзяніса Кулеша стаў лепшым у Полацкім раёне. Першы сакратар Полацкага раённага камітэта ГА «БРСМ» Яна Лапановіч шчыра дзякавала камбайнерам за працоўныя поспехі. Аляксандр Дабраслаўскі прывёз ім прафсаюзныя падарункі і прэміі. Перавозчыкамі-тысячнікамі на жніве сталі і вадзіцелі гэтай гаспадаркі Алесь Хайдараў і Мікалай Скарадзёнак, якія зноў папоўнілі кагорту перадавікоў.