Выніковай для двух вадзіцеляў, занятых на перавозцы збожжа, стала серада на бягучым тыдні. Маладыя мужчыны — Алег Гузаў з філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» і Аляксандр Меліхаў з філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» — перавезлі ў кузавах сваіх «МАЗаў» па тысячы тон залатога збожжа! З гэтай нагоды ў гаспадарках адбыліся ўрачыстасці, так званыя «хвіліны славы», падчас якіх калегі ўшаноўвалі вадзіцеляў-тысячнікаў.
Дзякуй, рабацяга!
35-гадовы Алег Гузаў — са шматдзетнай сям’і. У філіяле «Вясна-энерга» працавалі яго бацькі, браты і сёстры. Зараз карысць гаспадарцы яны прыносяць удваіх з жонкай: ён круціць баранку аўтамабіля «ВАЗ-555142», Алена Валер’еўна — ветурач.
Удружнай сям’і Гузавых выхоўваюцца трое дзяцей. У Алега сёлетняя ўборачная кампанія — 15-я па ліку. Час уборкі для яго — самы любімы! Сёлета на палях іх гаспадаркі вырас неблагі ўраджай: ва ўрочышчы Глінішча, напрыклад, атрымалі пшаніцы 64 цэнтнеры з гектара, сярэдняя ўраджайнасць — каля 40 цэнтнераў!
Гэтыя вялікія лічбы ўражваюць і ўплываюць на заработную плату камбайнераў і вадзіцеляў. У дзень нашай сустрэчы ў філіяле «Вясна-энерга» чатыры камбайны, якія працуюць на палях, намалацілі 2000 тон збожжа, у планах галоўнага агранома Ганны Грышкевіч — атрымаць яшчэ паўтоны залатога ўраджаю. «Дзяржзаказ сёння закрылі», — задаволена адзначыла Ганна Генрыкаўна.
Свайго першага тысячніка-вадзіцеля, якога за добрасумленныя адносіны да працы можна смела назваць ганаровым словам «рабацяга», вясноўцы віталі шчыра: цёплыя словы віншаванняў знайшлі старшыня прафкама Анастасія Цюхлова, намеснік дырэктара Яўген Набебін, галоўны аграном Ганна Грышкевіч і галоўны інжынер Мікалай Грышчанка. Яны падарылі лідару-вадзіцелю вялікі кавун і бутэльку квасу з пажаданнямі атрымаць асалоду ад паспяховага дня. Больш значную ўвагу і грашовую прэмію за працоўны поспех вадзіцель-тысячнік па традыцыі атрымае на свяце «Дажынкі», якое штогод адзначаецца ў філіяле.
У трэці раз
Вадзіцель Аляксандр Меліхаў з філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» прымаў віншаванні з чарговым тысячным поспехам таксама на працоўным месцы.
Прывітаць трэцяга ў Полацкім раёне вадзіцеля-тысячніка прыехаў старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі.
Ён уручыў Падзячны ліст, грашовую прэмію і традыцыйныя кепку і майку з сімволікай прафсаюза. Словы ўдзячнасці за адданую працу выказала працавітаму вадзіцелю галоўны аграном гаспадаркі Тамара Макарава. Старшыня прафкама Галіна Кароўчанка ўручыла першаму ў філіяле вадзіцелю-тысячніку памятны падарунак.
Гэты вадзіцель-лідар стаў тысячнікам трэці год запар. «Наша дружная каманда камбайнераў заўсёды працуе заўзята, усе імкнуцца як мага хутчэй убраць хлеб з палёў, таму нам, вадзіцелям, сумаваць не даводзіцца. Толькі паспявай — загружайся і адвазі збожжа!» — расказваў Аляксандр.
Гэтым летам ён возіць збожжа на камбінат хлебапрадуктаў і з палёў на сушылку. За раз перавозіць каля 12 тон каштоўнага грузу, пакуль дасягнуў тысячы — давялося зрабіць каля 90 рэйсаў.
«Пад вечар, канешне, прыходзіць стома, але атрымліваеш задавальненне ад зробленага за дзень — і настрой не псуецца», — шчыра расказваў вадзіцель-лідар.
Дома Аляксандра кожны вечар сустракаюць жонка з 7-гадовай дачушкай. Яны ўжо прывыклі, што галава сям’і на жніве працуе з ранку да вечара. З тым, што ў гарачыя дзянькі камбайнеры і вадзіцелі зарабляюць добрую капейку, наш герой згадзіўся і зазначыў, што гэта — добры стымул для паспяховай працы. Як і 2-разовае харчаванне ў полі.
Смачна есці!
Кіраўніцтва філіяла «Гараны-Агра» на чале з дырэктарам Аляксандрам Калтуновым імкнецца стварыць усе ўмовы, каб хлебаробы маглі поўнасцю аддаць сябе працы. Двойчы на дзень на поле прыязджае мікрааўтобус з апетытнымі абедамі і вячэрамі.
«Вырашылі сёлета не падвячоркі выдаваць экіпажам і вадзіцелям, а гатаваць паўнацэнныя вячэры, каб усе добра харчаваліся!» — даведаліся мы ад повара філіяла Алы Ігнацьевай, якая прыехала на поле ў той жа час, што і мы. Удзельнікі жніва з апетытам елі грэцкую кашу з катлетамі і запівалі ахалоджаным чаем. «Нашы повары імкнуцца накарміць нас, як след, — задаволена адзначалі камбайнеры і вадзіцелі. — Дома мы толькі снедаем».
…Праца ў полі кіпела, хоць і была шостая гадзіна вечара. «Працуем, пакуль відна, да расы, дзякуй Богу за надвор’е, — падзялілася думкамі галоўны аграном філіяла Тамара Макарава. — Пасля вячэры, падмацаваўшыся, хлопцы працуюць яшчэ лепш!».
Тамара Мікалаеўна адзначыла, што задаволена тэмпамі ўборкі хлеба.