У полацкім раёне тры камбайны ўбіралі пшаніцу

Главное Заботы сельские

У мінулую пятніцу апоўдні ва ўрочышчы Кеўліна філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» кіпела праца. Тры камбайны ўбіралі пшаніцу, ураджайнасць якой дасягнула больш за 30 цэнтнераў з гектара.

Дырэктар гаспадаркі Віталь Кузякоў адзначыў, што сёлетняя ўборачная кампанія — першая для яго на новай паса­дзе, на тое, як яна праходзіць, скіравана ўся ўвага. Хлебаробам гаспадаркі належыць убраць плошчу са збожжавымі больш за 700 гектараў, але гэтая лічба не палохае.

IMG_2005 фото А.Марцинкевича

З ранку да вечара два «КЗС  1218», два «КЗС-10», тры аўтамабілі і два трактары «МТЗ» на адвозцы працуюць зладжана, план уборкі ўжо выкананы на 30%: скошана плошча больш за 200 гектараў, намалочана 810  тон збожжа. «Ужо здалі дзяржзаказ па рапсу, выканалі і па пшаніцы — 300 тон», — распавёў малады дырэктар. І назваў перадавікоў сёлетняга жніва.
Першае месца па намалоце займае вопытны камбайнер Мікалай Котаў, які ў дзень нашага прыезду ў гаспадарку працаваў на ўборцы пшаніцы ў другім урочышчы. Раўняюцца на лідара экіпажы камбайнераў Рыгора Раманава (на фота 1) і Сяргея Караткевіча (на фота 6), Сяргея Салаўёва і Міхаіла Каланды, камбайнер Аляксандр Міхайлаў.

Добра працуюць вадзіцелі: Уладзімір Спірковіч ужо перавёз амаль 400 тон збожжа, адказна ставіцца да працы Андрэй Гарбуноў. Удзельнічаюць у жніве і вадзіцелі ад інвестара і шэфаў: вадзіцель Віктар Капыценка — з ААТ «Полацкі малочны камбінат», Іван Бялоў — з прадпрыемства «Ветрынская жыллёва-камунальная гаспадарка». Чатыры чалавекі прыцягнуты і на сушку збожжа. Жнівеньская спёка, канешне, перашкаджае працы, але, як расказалі хлебаробы, яны — людзі загарта­ваныя.

IMG_2030 фото А.Марцинкевича

Вадзіцель Андрэй Гарбуноў працуе ў філіяле ўсяго паўгода, але ўжо зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку. Жніво-2015 для яго першае ў «Мілк-Агра», але не ў жыцці. Андрэй Аляксандравіч мае стаж 9 гадоў, а вопыт назапашваў у адной з лепшых гаспадарак Полаччыны — у ААТ «Кушлікі». Нядаўна ажаніўся, пераехаў на новае месца жыхарства.
Жніво-2015 запомніцца як першае і 38-гадоваму камбайнеру Аляксандру Міхайлаву. Хоць і працуе ён у гаспадарцы з 2007 года, сёлета вырашыў упершыню сесці на зернеўборачны камбайн. «Розніца паміж кормаўборачным і гэтым — вялікая, але вырашыў паспраба­ваць», — расказаў Аляксандр. Дома ў яго вялікая сям’я — з жонкай Алай яны гадуюць траіх дзяцей. Як вядома, падчас уборкі хлеба ў камбайнераў — самы заробак, і ў шматдзетнай сям’і Міхайлавых капейка не будзе лішняй.

IMG_2047 фото А.Марцинкевича

Самым вопытным работнікам з нашых суразмоўцаў аказаўся вадзіцель Міхаіл Каланда, які прысвяціў гаспадарцы ўсё сваё жыццё. Працуе з 1991 года, і атрымлівае асалоду ад любімай справы. У гэтай гаспадарцы, якая даўно стала для яго роднай, працавалі механізатарам бацька, даяркай — маці. Зараз ён жыве ў бацькоўскім доме ў вёсцы Пліскі, на падворку трымае хатнюю жывёлу. «У маладосці думаў падацца ў горад, але скончыў СПТУВ-167, сеў за руль машыны і адчуў, што гэта — маё. Вось ужо 25 год кручу «баранку», — распавёў Міхаіл Іванавіч. Сёлета за дзень ён робіць ад 6 да 8 рэйсаў, за раз перавозіць каля 10 тон збожжа. Нягледзячы на засуху, якая сёлета ўсталявалася яшчэ з вясны, поле радуе ўдзельнікаў жніва буйным спелым коласам. І таму настрой ва ўсіх — пазітыўны.

IMG_2100 фото А.Марцинкевича



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *