У Полацкім раёне пачалася нарыхтоўка кармоў

Заботы сельские

Вось і дачакаліся мы лета! Светла і ўсхвалявана гамоняць маладым лісцем бярозы, таполі і клёны, набіраюцца моцы нівы, у кожнай красцы на лугах клапатліва працуюць пчолы. Цёпла і радасна наўкола. Кветкі, сонечныя промні і птушыныя песні яднаюцца ў непаўторную мелодыю жыцця…

Менавіта ў гэтую прыгожую пару, у першыя дні лета, пачынаецца адказная пара для аграрыяў — нарыхтоўка кармоў. Гаспадаркі нашага раёна — «Кушлікі», філіял «Гараны-Агра», «Новыя Гараны», «П-С «Карпекі», «Астроўшчына», «Блізніца», «Палата», «Палімір-агра», «Э/б Ветрынская» , «Захарнічы», «Зялёнка», філіял «Вясна-энерга», «Полацкі аграсервіс» — пачалі ўборку траў першым укосам. Па стане на ўчарашнюю раніцу раённы план (убраць плошчу 12600 га) выкананы на 10%. У «Блізніцы» нарыхтаваны першыя тоны сена, у шасці гаспадарках — 1304 тоны сенажу.


На адным з палёў УП «Полацк-Мілк» мы напаткалі за працай механізатара Віктара Котава, які працаваў на трактары з прэсам-абмотчыкам. Нарыхтоўка сенажу ў рулоны з поліэтыленавай плёнкі ў апошнія гады набывае ўсё большую папулярнасць. Такі корм добра захоўваецца на працягу года, яго з апетытам спажываюць цяляты і каровы.
— Тэхніка задавальняе, — расказаў 27-гадовы працаўнік.


Сёлета ў сваёй гаспадарцы ён ужо нарыхтаваў 53 рулоны, у «Блізніцы» — 34. Паколькі гаспадарка «Полацк-Мілк» уваходзіць у інтэграцыйную структуру УП «Полацкі малочны камбінат», усе сельгас­прадпрыемствы структуры працуюць дружна, зладжана, тэхніка выкарыстоўваецца рацыянальна, па-гаспадарску.
«Не магу сказаць, што ў сялянскай працы мне больш па душы, — шчыра прызнаўся Віктар Мікалаевіч. — Люблю сеяць, убіраць, і рулоны ра­біць — таксама. Галоўнае — што ёсць праца!»


Кожны дзень ён прыяз­джае ў вёску Нача з суседняга Глыбоцкага раёна. Сказаў, што прывык, заўсёды шчыруе з настроем. Ужо зараз марыць, як будзе ўбіраць хлеб. У мінулым годзе яны працавалі на камбайне ўдваіх з бацькам.

Вялікія белыя рулоны (кожны вагой 500 і больш кілаграмаў!) стваралі прыгожы малюнак сельскага жыцця. Сучасная тэхніка патрабуе ад механізатараў ведаў, кіраванне прэсам ажыццяўляецца праз камп’ютар. Кожны рулон надзейна замотаны 12 слаямі плёнкі — дзеля лепшай захаванасці пры транспарціроўцы.

Традыцыйна мы сустрэлі на сенажаці буслоў. Гэтыя птушкі на свежаскошаным полі — першыя госці, ім тут ёсць чым пажывіцца.
Размова з механізатарам заняла некалькі хвілін, потым ён адразу працягнуў працу — імкнуўся скарыстаць час з доб­рым надвор’ем.

Фото автора.