«Добра на лузе ў час палудны, лёгка там дыхнуць…» Гэтыя радкі нагадаліся мне падчас наведвання выязнога семінара, які праходзіў на адным з палёў філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга».
Зялёнае жніво ў гэтай гаспадарцы ідзе ўжо некалькі дзён, у паветры стаіць водар свежаскошанай травы.
Семінар узначаліў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч. У мерапрыемстве, з якога стартавала кампанія па нарыхтоўцы кармоў у Полацкім раёне, бралі ўдзел кіраўніцтва ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райветстанцыі, райплемстанцыі і дырэктары сельгасарганізацый Полацкага раёна.
Кіраўнік раённай улады нагадаў, што ў мінулым годзе з-за сухога надвор’я травы не выраслі, гаспадаркі не здолелі нарыхтаваць неабходную колькасць кармоў, давялося восенню сеяць і ўбіраць прамежкавыя культуры, а вясной купляць кармы. Сёлетні раённы план нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу — каля 10 тысяч тон, а па выніках усёй нарыхтоўчай кампаніі неабходна назапасіць 32 ц.к.а. на ўмоўную галаву жывёлы.
З нагоды пачатку нарыхтоўкі кармоў адбыўся малебен, які ўзначаліў айцец Георгій з Полацкай епархіі.
Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Крывец засяродзіла ўвагу прысутных на тэрмінах уборкі траў, каб не страцілася іх спажыўнасць.
На семінары падкрэслівалася значнасць захавання тэхналагічнай дысцыпліны працаўнікамі гаспадарак, тэрмінаў уборкі траў і тэхналогіі закладкі сянажнай масы на захоўванне.
Святлана Русінская, галоўны аграном філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга»: — Пачалі касіць шматгадовыя травы на сянажную масу. Трэба ўбраць плошчу 731 га. Выбіраем лепшыя ўчасткі, на якіх падыйшла фаза ўборкі траў. На ўборцы заняты 3 касілкі, на адвозцы 6 машын, працуе адзін КВК.