Імкліва ляціць час. Здавалася б, журботная вестка прыйшла ў Полацк зусім нядаўна, а вось ужо мінуў год з таго дня, як не стала палымянага патрыёта, выдатнага палачаніна, пісьменніка, франтавіка, Ганаровага грамадзяніна горада Полацка Алеся Ануфрыевіча Савіцкага.
У Полацкім краязнаўчым музеі адбылася вечарына яго памяці, у якой бралі ўдзел шаноўныя госці з Мінска — паэт, публіцыст, кіраўнік радыёстанцыі «Беларусь», Ганаровы грамадзянін горада Полацка Навум Гальпяровіч і вядомы журналіст, кандыдат філасофскіх навук, галоўны рэдактар сямейнага часопіса «Гаспадыня» Зіновій Прыгодзіч.
Алесь Ануфрыевіч пачаў свой жыццёвы шлях у нашым горадзе, сюды ён і вярнуўся на вечны спачын. Па яго жаданні прах быў развеяны над Дзвіною — ракой, якую ён атаясамляў са сваім лёсам, да якой імкнуўся душою, якую любіў да апошняга дня жыцця.
Навум Якаўлевіч распавёў прысутным пра сяброўства, якое звязвала яго з Алесем Савіцкім на працягу многіх гадоў. «Ён быў сімвалам чалавека, адданага сваёй справе і сваёй Радзіме, — зазначыў ён. — Моладзі цяжкка ўявіць, што такое вайна, што такое ў 14 гадоў узяць у рукі зброю, прайсці праз боль і нязлічаныя страты, загартавацца ў агні і застацца чалавекам шчырай, адкрытай і ўзнёслай душы».
Прамоўца падзяліўся кранальнымі ўспамінамі пра жыццёвы шлях мужнага патрыёта, які, набліжаючы Перамогу, вогненымі шляхамі дайшоў да Берліна і распісаўся на Рэйхстагу. Баявы Ордэн Славы знайшоў яго праз 55 гадоў пасля вайны. Ён расказаў і пра тое, як Алесь прыехаў у Маскву, каб паступіць у Літаратурны інстытут, не маючы атэстата аб сярэдняй адукацыі і, паабяцаўшы праз год яго атрымаць, выканаў абяцанне, паспяхова скончыўшы вячэрнюю школу…
«У кожнага з нас свой лёс, сваё жыццё, свае сябры і настаўнікі. Але, як пісаў Алесь Савіцкі, Сонца на ўсіх адно. Так называецца адна з ягоных кніг. Я таксама жадаю, каб сонца свяціла над Полацкам і над Мінскам, над Дзвіной і над Свіслаччу, над намі ўсімі, і каб яно заўсёды сагравала кожнага цеплынёй і любоўю. Умець шанаваць і памятаць — самае галоўнае ў жыцці. Савіцкі шанаваў беларускае слова. Шануйце родную мову і вы», — пажадаў моладзі Навум Гальпяровіч. Ён заклікаў прысутных звярнуцца да кніг Алеся Ануфрыевіча — гэта будзе не толькі далучэннем да выдатных узораў творчасці і духоўным узбагачэннем, але і данінай памяці і павагі да вядомага земляка.
Успамінамі пра Алеся Ануфрыевіча падзяліліся таксама Зіновій Прыгодзіч і палачанка Ніна Азернікава, якую з будучым пісьменнікам, з самага дзяцінства, звязвалі доўгія гады шчырага сяброўства.
Падчас сустрэчы прадстаўнікі маладога пакалення атрымалі сапраўдны ўрок патрыятызму, мужнасці і пашаны. Завяршаючы сустрэчу, Зіновій Кірылавіч сказаў вельмі важныя словы: «Пайшоў з жыцця чалавек. А пісьменнікі не паміраюць. Ён будзе жыць заўсёды, пакуль мы будзем чытаць ягоныя кнігі».