Завяршэння рамонтных работ у Гарадскім Палацы культуры і адкрыцця глядзельнай залы палачане чакалі не адзін год. І вось, нарэшце, у дзень святкавання 1155-годдзя Полацка прыгожа і ўрачыста творчы калектыў Палаца вітаў высокіх гасцей, якія прыйшлі, каб на ўласныя вочы ўбачыць вынік працы рамонтнікаў і будаўнікоў.
У святочных строях, стаўшы па абодва бакі лесвіцы ля ўвахода ў Палац, апладысментамі творчы калектыў вітаў міністра культуры Барыса Святлова, старшыню Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва і старшыню Полацкага райвыканкама Мікалая Шаўчука.
Ад імя калектыву шчырую ўдзячнасць за садзеянне ў развіцці сферы культуры высокім гасцям выказала дырэктар установы Святлана Красікава: «Зараз мы маем выдатныя ўмовы для творчасці», — зазначыла яна.
Звярнуўшыся да прысутных, Барыс Святлоў падзяліўся ўражаннямі ад вялікага полацкага свята: «Пачуцці ў мяне самыя высокія, і гэта ў многім залежыць ад добрай арганізацыі ўсіх святочных падзей. Полацк жыве святам. Хачу адзначыць высокую культуру не толькі з пункту гледжання прафесійных характарыстык, але ў цэлым у полацкім гарадскім асяроддзі. Гэта заслугоўвае самай высокай павагі. Асабліва радуе, што такія вялікія святы мы рыхтуем усе разам».
Першым мерапрыемствам, якое адбылося на абноўленай сцэне Палаца культуры, стаў фінал Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Яго шматлікія ўдзельнікі, якія прыехалі ў Полацк з усіх куточкаў Беларусі, мелі магчымасць па вартасці ацаніць абноўлены ўтульны зал, у якім так годна і яскрава гучала высокае паэтычнае слова.