У Полацкім ААТ «Кушлікі» віншавалі другі ў гэтым сезоне экіпаж камбайнераў, які намалаціў тысячу тон збожжа

Заботы сельские

Мінулая пятніца выдалася радаснай у ААТ «Кушлікі». З самага ранку на мех­двары віншавалі другі ў гэтым сезоне экіпаж камбайнераў у складзе Аляксанра Каросціка і Дзяніса Шнітко, які намалаціў тысячу тон збожжа.

Першым віншавальнае слова ўзяў дырэктар гаспадаркі Фёдар Завацкі. Ён адзначыў, што, хоць камбайну «Мега-204» ужо 15 год, тэхніка ўсе роўна працуе, і на ёй мужчыны з году ў год дасягаюць поспехаў на жніве. Безумоўна, важкую ролю тут адыгрывае прафесіяналізм старшага камбайнера Аляксандра Каросціка, які пасябраваў з «Мегай» 11 гадоў таму, ведае кожную яе дэталь. Сёлета экіпажу давялося ўбіраць усе зернебабовыя культуры, якія былі пасеяны, і не было ніводнага дня, каб «Мега» прастойвала. Нешта, канешне, разам з памочнікам Дзянісам Шнітко рамантавалі, але рабілі гэта хутка, бо кожная працоўная хвіліна ў гарачы прыпар на асаблівым рахунку.


Цёпла віншаваў чарговых пераможцаў жніва і старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі. Ён адзначыў, што гэты экіпаж — трэці ў Полацкім раёне, які намалаціў тысячу тон збожжа. Па ўмовах раённага спаборніцтва прафсаюз адзначае прэміямі і падарункамі толькі першыя тры экіпажы, якія хутчэй за іншых сталі тысячнікамі, — на тое яно і спаборніцтва! А астатніх перадавікоў, якія дасягаюць тысячнага выніку па намалоце збожжа, ці вадзіцеляў на перавозцы, заахвочваюць самі гаспадаркі ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі.
Прафсаюзны лідар моцна паціскаў рукі Аляксандру Каросціку і Дзянісу Шнітко, у чарговы раз здзівіўся, што кушлікоўскі фельчар сёлетнім летам змяніў белы халат на спец-аддзенне працаўніка палёў і стаў памочнікам камбайнера… Падзячныя лісты, прэміі, кепкі і майкі з прафсаюзнай сімволікай узнялі працавітым мужчынам настрой.

— Калі ў наступным годзе мой памочнік фельчар зноў выкажа жаданне ўбіраць хлеб, я буду задаволены! — шчыра прызнаўся Аляксандр Мар’янавіч. Яны з Дзянісам пасябравалі, вопытны камбайнер бачыў, як памочнік завіхаўся ля камбайна, імкнуўся быць карысным…
Бункер іх камбайна ўмяшчае 4-5 тон збожжа ў залежнасці ад культуры. Каб дасягнуць тысячнага намалоту, трэба яго напоўніць 200, а то і болей разоў! На пытанне, ці не надакучыла аднатыпная штодзённая праца, Аляксандр Мар’янавіч з усмешкай адказаў: «Каб было што зімой малаціць, з задавальненнем працаваў бы на камбайне!». Ён шчыра любіць працу на зямлі, атрымлівае асаблівае задавальненне ад уборкі хлеба. Сёлета, на думку прафесіянала, у Кушліках добра ўрадзілі трыцікале і пшаніца.

Пра свой тысячны поспех мужчыны абавязкова раскажуць дома. Аляксандр Каросцік выхоўвае з жонкай дзвюх дачок-школьніц, у Дзяніса Шнітко — таксама двое дзяцей. Мужчынам самім прыемна быць перадавікамі, і яны жадаюць, каб і сем’і імі ганарыліся.

Аляксандр Каросцік круглы год, акрамя жніўнай пары, круціць баранку на «МАЗе». Кіроўца ён — выдатны, працуе з поўнай аддачай, але часам сумуе па гарачай пары ўборкі хлеба. «Змена дзейнасці — лепшы адпачынак!» — адзначыў герой нашай замалёўкі і заспяшаўся за руль свайго «МАЗа»: у дзень нашай сустрэчы ён займаўся перавозкай ураджаю бульбы.