У Полацкай Мастацкай галерэі адкрылася выстава вядомага польскага мастака і дзеяча культуры Ан­джэя Струмілы

Культура

У Мастацкай галерэі ад­былося адкрыццё выставы вядомага польскага мастака і дзеяча культуры Ан­джэя Струмілы «Тэатралія». Праект падрыхтаваны Польскім Інстытутам у Мінску сумесна з Падляскім музеем у Беластоку.

х 066

Тэатраліі. Так Анджэй Струміла акрэслівае сваю творчасць, звязаную са сцэнічным мастацтвам. Гэта не проста сцэнаграфія, што звычайна з’яўляецца бытавым элементам, падпарадкаваным бачанню рэжысёра. У выкананні Струмілы яна выходзіць за традыцыйныя схемы, з’яўляючыся самастойным творам.

Такім, што можа існаваць, калі спектакль, над якім ён працаваў, ужо сышоў з тэатральнай ці опернай сцэны. Гэта моц таленту, ведаў і ўражлівасці Анджэя Струмілы. Гэта не проста дэкарацыі — кожная з іх — як скончаны твор. Менавіта таму гэты важны матыў у творчасці прафесара Анджэя Струмілы стаў тэмай чарговай выставы, падрыхтаванай Падляскім музеем у Беластоку сумесна з мастаком.Сам Анджэй Струміла, які ў наступным годзе адзначыць 90-годдзе, у Полацк прыехаць не змог. Яго творчасць палачанам прадставілі дырэктар Падляскага музея ў Беластоку Анджэй Ляхоўскі, дырэктар музея ў Сувалках Ежы Бжазоўскі і каардынатар выставачных праектаў Польскага інстытута ў Мінску Аляксей Мацюшонак.

Адкрываючы выставу, да прысутных звярнулася дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева. Яна выказала задаволенасць тым, што ў дзень адкрыцця выставы польскага мастака адкрываецца і ХХІХ  Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі, на якім таксама выступяць музыканты з Польшчы. Гэта, на яе думку, дае магчымасць палачанам далучыцца да мастацтва суседняй краіны. Яна выказала ўдзяч­насць Польскаму інстытуту ў Мінску за садзейнічанне ў адкрыцці выставы і правядзенні канцэрта і спадзяванне на працяг супрацоўніцтва.

х 003
Анджэй Ляхоўскі прызнаўся, што ў Полацк ён трапіў упершыню і ўражаны тым, што ўбачыў: «На мой погляд, гэта адно з найважнейшых месцаў у Еўропе». Ён расказаў прысутным пра аўтара выставы і яго твор­часць, перадаўшы шчырыя прывітанні палачанам. Як аказалася, Анджэй Струміла зараз жыве ў Польшчы, хаця нарадзіўся ў Вільні, дзяцінства і юнацтва правёў у Беларусі, на Гродзеншчыне, а лічыць сябе, па вялікім рахунку, грамадзянінам Вялікага княст­ва Літоўскага. «Я раскажу яму пра Полацк і вашу цудоўную галерэю. Майстар будзе ўражаны, даведаўшыся, што на адкрыццё выставы прыйшло так многа маладых людзей», —
зазначыў ён.

х 002
Ежы Бжазоўскі расказаў, што пяць гадоў таму ў Сувалках адкрылася галерэя Анджэя Струмілы, дзе экспануецца больш за 70 яго работ. Нягледзячы на па­важаны ўзрост, мастак право­дзіць лекцыі, заняткі для дзяцей, творчыя сустрэчы. Шаноўны госць падзяліўся планамі аб арганізацыі новых выстаў польскіх мастакоў у Беларусі і падзякаваў полацкім музейшчыкам за плённае супрацоўніцтва, а прысутным — за ўвагу.

х 001
…На адкрыцці выставы, звяртаючыся да прысутных, госці размаўлялі па-польску. Але, гледзячы на рэакцыю палачан, было бачна, што ім ўсё зразумела і без перакладу. Сапраўды, ці па­трэбны ён, калі гутарка ідзе пра высокае мастацтва і добрыя чалавечыя адносіны?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *