Пісьменнікі пакідаюць нашчадкам свае палымяныя сэрцы, якія жывуць у творах і клічуць да новых здзяйсненняў.
Ганаровы палачанін, вядомы беларускі пісьменнік, партызан і франтавік Алесь Савіцкі пакінуў у спадчыну сваім землякам кнігі, у якіх патрыятызм служыць абярэгам. Менавіта полацкая зямля сілкавала яго мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны, у мірны час натхняла на творчасць і дала крылы для ўзлёту ў вялікі літаратурны свет, заўсёды цягнула да сустрэч з землякамі.
…Старую пішучую машынку, дзякуючы якой нараджаліся старонкі будучых кніг, гадзіннік, настольную лямпу і іншыя асабістыя рэчы пісьменніка, а таксама яго кнігі можна ўбачыць на пастаянна дзеючай экспазіцыі «Зямляк. Партызан. Франтавік» у бібліятэцы – філіяле №9 Полацкай РЦБС, якая носіць імя Алеся Савіцкага. Ёй цікавяцца многія чытачы, што жывуць у мікрараёне Задзвінне, а таксама частыя госці — школьнікі горада, полацкія паэты і пісьменнікі, якія з’яўляюцца сябрамі бібліятэкі.
«Мы пастаянна трымаем сувязь са школамі, Полацкім кадэцкім вучылішчам, дзіцячымі садкамі, запрашаем юных чытачоў на экскурсіі, прысвечаныя жыццю і творчасці Алеся Савіцкага, — расказвае загадчык бібліятэкі Аксана Бубала. — Кнігі пісьменніка, якія чытаюць дзеці, вучаць любіць сваю радзіму і быць годнымі нашчадкамі гераічнай і працоўнай славы старэйшага пакалення. Нямала ўражанняў пакінуў у дзесяцікласнікаў СШ №14 імя М.С.Грыневіча вечар памяці пісьменніка, плануем правесці яшчэ шэраг сустрэч з вучнямі школ горада».
100-годдзю з дня нараджэння Алеся Савіцкага быў прысвечаны і краязнаўчы вечар, які сабраў у бібліятэцы полацкіх літаратараў, кадэтаў, чытачоў. Яго вядучыя ўзнавілі старонкі жыцця і творчасці пісьменніка, яго ўдзел у вызваленні роднай зямлі ад фашысцкіх захопнікаў і змаганні за Перамогу. Прагучалі ўрыўкі з твораў партызана і франтавіка, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, з цікавасцю знаёміліся прысутныя з відэазапісам дыялогу двух землякоў — Алеся Савіцкага і Навума Гальпяровіча, які быў прасякнуты любоўю да радзімы, клопатам пра захаванне духоўнай спадчыны нашага народа і патрыятычнае выхаванне моладзі.
У сваіх выступленнях ушанавалі памяць земляка-пісьменніка і патрыёта роднай зямлі сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне», лаўрэат абласных літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і імя Петруся Броўкі Галіна Загурская, кіраўнікі творчых аб’яднанняў Валянціна Сопікава («Наддзвінне»), Аляксандр Раткевіч («Полоцкая ветвь»), Святлана Чыжова («Литературный ковчег»), лаўрэат чацвёртай літаратурнай прэміі імя Алеся Савіцкага Уладзімір Тачыла і іншыя.
Да 100-годдзя славутага земляка праводзяцца краязнаўчыя сустрэчы «Сувязь пакаленняў — сувязь часоў», да якіх прымеркавана новая выстава кніг з аўтографам Алеся Савіцкага, а таксама кніг полацкіх літаратараў, падораных бібліятэцы, з іх асабістымі подпісамі. Цікавай атрымалася і абноўленая фотавыстава «Гісторыя праз лёсы», якая працуе ў гасцёўні «Дзвінскія сустрэчы».
На вечарыне гучалі вершы, прысвечаныя Алесю Савіцкаму. Фонд бібліятэкі папоўнілі новыя кнігі полацкіх літаратараў. Душэўнай атмасферы, пануючай на сустрэчы, вельмі спрыялі песні ў выкананні народнага ансамбля беларускай песні і музыкі «Полацкія россыпы» Полацкага ЦРНК (кіраўнік Нона Котава).