Аналіз аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу паказаў, што большасць сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна палепшыла паказчыкі па вытворчасці «белага золата» ў параўнанні з мінулым годам. У гэтыя ліпеньскія дні выкананне плана дасягнула 109,3%. Большую частку малака (60,7%) гаспадаркі рэалізуюць дзяржаве сортам «экстра».
На мінулым тыдні мы сустрэліся з калектывам малочна-таварнай фермы «Кауны» УП «П-С Карпекі» — пераможцам абласнога вытворчага спаборніцтва па выніках працы за І паўгоддзе. Калектыў прафесіяналаў узначальвае маладая загадчыца фермы Анастасія Радзько, якая з упэўненасцю сцвярджала: «Наш поспех — у згуртаванасці каманды. Усе даяркі працуюць на агульны вынік, дапамагаюць адна адной, адказна ставяцца да абавязкаў».
З працоўным поспехам каманду прафесіяналаў віншаваў старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі, які ўручыў калектыву дыплом пераможцаў і зычыў працавітым жанчынам моцнага здароўя і далейшых поспехаў.
Калектыў жывёлаводаў абслугоўвае статак з 300 кароў, валавая выторчасць малака з пачатку года дасягнула 1355 тон, прырост прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам на ўзроўні 115%. Таварнасць каштоўнага прадукту — 93%, уся прадукцыя прадаецца дзяржаве сортам «экстра».
Праца на ферме, раздача кармоў, трохразовае даенне, догляд за цялятамі арганізаваны з захаваннем высокай дысцыпліны. У калектыве працуюць вопытныя аператары машыннага даення, якія любяць жывёлу і ўмеюць з ёй абыходзіцца. Працаўнікі зацікаўлены ў атрыманні высокіх надояў, ад якіх залежыць заработная плата і дабрабыт сем’яў. У павелічэнні выторчасці малака зацікаўлены дырэктар гаспадаркі Мікалай Карасёў, спецыялісты. Яны прыкладаюць намаганні па стварэнні спрыяльных умоў працы для жывёлаводаў, па забеспячэнні жывёл і цялят збалансаваным кормам.