У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся «круглы стол», прымеркаваны да
950-годдзя першай беларускай бібліятэкі — бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора.
У мерапрыемстве бралі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, Беларускай праваслаўнай царквы, работнікі бібліятэк і музеяў, вядучыя спецыялісты ўстаноў навукі і адукацыі. Полацк прадстаўлялі першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка і дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева. Удзельнікі «круглага стала» абмеркавалі пытанні захавання нацыянальнай кніжнай спадчыны.
З моманту ўзнікнення бібліятэка Сафійскага сабора мела выдатны фонд і адыгрывала значную ролю ў жыцці грамадства. На жаль, яна была страчана падчас вайны, і зараз існуе мноства меркаванняў аб лёсе яе фонду. Кнігі з гэтай бібліятэкі — значная частка культурнай спадчыны Беларусі — аказаліся ў Польшчы, Расіі, Украіне, у прыватных калекцыях. Магчыма, палачане падчас святкавання Дня беларускага пісьменства, які Полацк будзе прымаць у 2017 годзе, убачаць лічбавыя копіі некаторых унікальных кніг, якія ўваходзілі ў збор знакамітай бібліятэкі.