У Музеі беларускага кнігадрукавання адкрылася выстава «Полацкі фотаальбом. 1941-1947 гг.»

Актуальное Культура

Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымеркавана выстава «Полацкі фотаальбом. 1941-1947 гг.» У музейным зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ёсць невялікая калекцыя фотаздымкаў нашага горада 1941-1947 гг.

22 чэрвеня 1941 г. нацысцкая Германія напала на Савецкі Саюз, і 16 ліпеня фашысты захапілі Полацк…
На выставе прадстаўлены шэраг арыгінальных фатаграфій Полацка, выкананых нямецкімі салдатамі і афіцэрамі ў перыяд акупацыі 1941-1944 гг., некаторыя з якіх экспануюцца ўпершыню. На здымках не адразу можна пазнаць родны горад: даваенная планіроўка з неіснуючымі цяпер кварталамі, напаўразбураныя будынкі, зраненыя варожымі снарадамі помнікі архітэктуры…


4 ліпеня 1944 г. Полацк быў вызвалены ад захопнікаў. Акупацыя і ваенныя дзеянні ператварылі яго ў гару развалін. Цалкам была знішчана цэнт­ральная частка горада, у астатніх раёнах ацалелі невялікія групы драўляных будынкаў. Фотаздымкі 1944-1947 гг. адлюстроўваюць ступень разбурэнняў гарадской забудовы, першыя суботнікі па расчыстцы вуліц, адкрыццё помніка вызваліцелям Полацка. У экспазіцыі прадстаўлены копіі фотаздымкаў з «Альбома разбурэнняў», які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі. Экспануюцца нешматлікія здымкі пасляваеннага Полацка, якія выкананы Мікалаем Глазуновым, галоўным архітэктарам Полацка ў 1946-1969 гг. Дапаўняюць агульную карціну павялічаныя з арыгіналаў 1941-1947 гг. панарамы Полацка і віды гарадскіх аб’ектаў.


Запрашаем наведаць выставу «Полацкі фотоальбом.1941-1947 гг.» у Музеі беларускага кнігадрукавання з 28 чэрвеня па 1 кастрычнiка 2019 г.