У мінулую суботу абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017» суст­ракала Дуброўна

Главное

У мінулую суботу абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017» суст­ракала Дуброўна. Па традыцыі на свята з’ехаліся лепшыя хлебаробы Віцебшчыны. Дэлегацыю Полацкага раёна ў складзе кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў узначальваў старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук.

Палачане падчас свята былі ў прыўзнятым настроі: шэраг нашых землякоў узнімаліся на святочную сцэну і атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды. За дасягненне лепшых вынікаў у абласным спаборніцтве на ўборцы ўра­джаю збожжавых і зернебабовых культур у 2017 годзе наш Полацкі раён увайшоў у кагорту раёнаў-перадавікоў. Праславіў Полаччыну працоўнымі поспехамі філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» (дырэктар А.Р.Калтуноў), які заняў два першых месцы — на ўборцы збожжавых і рапсу. Першая месца па вытворчасці зернебабовых культур заняла УП «Палімір-агра» (дырэктар В.Б.Яноўскі). Другое месца ў вобласці на ўборцы збожжавых прысуджана філіялу «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» (дырэктар В.П.Кузякоў).

Першае месца сярод старшых аператараў зернесушыльных установак заняў Ігар Макараў з УП «Палімір-агра». За руплівую працу палачан узнагародзілі дыпломамі, грашовымі прэміямі, а таксама два новенькіх аўтамабілі-падарункі з Дуброўна накіраваліся ў Полацкі раён — у філіялы «Гараны-Агра» і «Мілк-Агра». Ганарыліся палачане працоўнымі поспехамі дырэктара ААТ «Новыя Гараны» Вісарыёна Нама, якому на сцэне абласнога свята ўручылі Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Цудоўным падарункам — новенькім трактарам — павіншавалі на свяце дырэктара ўстановы «Полацкі лясгас» Канстанціна Баратын­скага за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе. Ганаровую грамату Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК з рук старшыні М.А.Лабушава атрымала старшыня прафкама філіяла «Гараны-Агра» Галіна Кароўчанка.


Вітаючы аграрыяў Віцебшчыны, гасцей і ўдзельнікаў свята, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў вялікую ролю аграпрамысловага комплексу ва ўстойлівым развіцці рэгіёну. Ён падкрэсліў, што поспеху на сельскай ніве садзейнічаюць аператыўнасць і строгае захаванне тэхналогій.

З-за неспрыяльных умоў надвор’я сёлетнія пасяўная і ўборачная праходзілі складана, але, нягле­дзячы на холад і ападкі, хлеба­робы Віцебшчыны сабралі больш за мільён тон збожжа, валавы збор на 150 тысяч тон большы за мінулагодні! Мікалай Шарснёў выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто паспяхова працаваў на хлебнай ніве. Словы віншаванняў і падзякі гучалі і ад старшыні Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі, ганаровых гасцей свята. Святочны настрой удзельнікаў «Дажынак-2017» падтрымлівалі таленавітыя артысты Віцебскай вобласці і Рэспублікі Беларусь.

Па традыцыі палачане прынялі ўдзел у святочным шэсці ўдзельнікаў абласнога фестывалю па вуліцах Дуброўна, наведалі шматлікія пляцоўкі з абласнымі праектамі «Дажыначны сноп», «Віцебшчына фестывальная», «Каравай-2017», падзівіліся на авіяшоу. З ранку да вечара Дуброўна жыло, дыхала абласным святам, жыхары раённага цэнт­ра радаваліся адкрыццю залы ўрачыстых абрадаў, фантана сустрэч, разлікова-касавага цэнт­ра філіяла «Белаграпрамбанк», гарадскога стадыёна. Абласное свята «Дажынкі», як значны сацыяльна-культурны праект, у г.Дуброўна ў поўнай меры апраўдала сваю галоўную ідэю — прывіваць любоў і павагу да зямлі і працы, садзейнічаць навядзенню парадку, добраўпарадкаванню населеных пунктаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *