Сёння мастацтва, адлюстроўваючы сучасную рэчаіснасць, нясе ў сабе магутны зарад схаваных сэнсаў — філасофскіх, сацыяльных, іранічных, іррацыянальных.
Як жартуюць мастакі, нярэдка ідэя ідзе наперадзе выканання. Але найчасцей мастакам удаецца знайсці «залатую сярэдзіну», каб яскрава адлюстраваць глыбокую і неардынарную задумку. І тады гледачы, якія ўжо прывыклі да «гульняў розуму», маюць магчымасць атрымаць і асалоду ад інтэлектуальных загадак, і задавальненне ад адмысловай рэалізацыі творчай думкі.
Звяртаючыся да прысутных на адкрыцці выставы, загадчыца Мастацкай галерэі Ларыса Лысенка зазначыла, что праект, прадстаўлены ў Беларусі ўпершыню, не толькі выклікаў вялікую цікавасць у аматараў канцэптуальнай творчасці, але і дазволіў мастакам выказацца і знайсці сваіх прыхільнікаў і аднадумцаў. Вядомы мастацтвазнаўца, аўтар і арганізатар праекта, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч выказала ўдзячнасць Полацку і палачанам за гасціннасць, натхненне, цікавасць да праекта. «Канцэптуальнае мастацтва прымушае спыніцца і задумацца. У прадстаўленых творах спалучаюцца вельмі глыбокі змест і незвычайная форма. У кагосьці гэта выкліча захапленне, у кагосьці — пытанні, але з упэўненасцю можна сказаць, што раўнадушных не застанецца», — зазначыла яна.
Вельмі значна, што экспазіцыя, у якой прадстаўлены творы самых розных сучасных мастацкіх практык як вядомых, так і маладых аўтараў з усіх рэгіёнаў Беларусі, пачынае сваё падарожжа па краіне з Полацка. Выяўленчае і прыкладное мастацтва, фатаграфія, арт-дызайн, інсталяцыі, асамбляжы — больш чым 80 мастакоў напоўнілі прастору галерэі эксперыментамі з формай, пластыкай, колерам і святлом.
Замілаванне, насцярожанасць, іронія, роспач… Кожны, спыніўшыся ля палатна ці інсталяцыі, абавязкова задумаецца ў пошуках адказу на безліч пытанняў. Сучаснае мастацтва трэба імкнуцца зразумець. Метамарфозы, трансфармацыі, актуалізацыі, ператварэнні чакаюць аматараў творчасці ў межах трыенале «Канцэпт». Завітайце ў Мастацкую галерэю, і вы ўсё ўбачыце на ўласныя вочы.