У красавіку 2017 года «Полацкаму весніку» спаўняецца сто год.

Главное

100 год — гэта многа ці мала? Мне здаецца, што для жыцця адной газеты гэта цэлая вечнасць.

У красавіку 2017 года «Полацкаму весніку» спаўняецца сто год. За гэты час газета больш за дзясятак разоў мяняла сваю назву, ёй кіравалі людзі, для якіх яна стала часткай жыцця, камусьці наша рэгіянальная газета дала пуцёўку ў вялікую літаратуру ці журналістыку, але для сваіх пастаянных чытачоў яна заўсёды была і застаецца нечым большым, чым некалькі старонак паперы.
Людзям ХХІ стагоддзя цяжка ўявіць сабе тыя праблемы, з якімі сутыкаліся горад і раён у 1960-я, 1940-я ці 1920-я гады. Але гартаючы газетныя старонкі, мы можам даведацца шмат цікавага і карыснага.

Голас полацкай газеты
Свой адлік газета «Полацкі веснік» пачала з далёкага 1917 г. Ішла Першая сусветная вайна. На тэрыторыі Полацка размяшчаліся вайсковыя часці 3-й Арміі Заходняга фронту. Разам з салдатамі жыхары Полаччыны некалькі гадоў чыталі армейскую газету, праз якую знаёміліся не толькі з падзеямі на фронце, але і з тымі зменамі, якія адбываліся ў жыцці краіны пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., калі цар Мікалай ІІ адрокся ад прастола і ўлада перайшла да Часовага ўрада.
Змена ўлады прывяла да росту колькасці пры­хільнікаў партыі бальшавікоў. Найбольш актыўныя абіраліся ў Саветы салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў. Такі Савет дэпутатаў у сакавіку 1917 г. з’явіўся і ў Полацку, а ўжо 17 красавіка 1917 г. у яго з’явіўся друкаваны орган — полацкая газета «Революционный голос». Кантора і рэдакцыя размяшчаліся па вуліцы Крыжовай, 9. У тыдзень выходзіў адзін нумар, каштаваў ён 10 капеек.
Летам 1917 г. палітычная сітуацыя ў краіне змянілася. Бальшавікі пацярпелі паражэнне, і ўлада перайшла да буржуазіі. Выхад полацкай газеты «Революционный голос» прыпыніўся.
З пачатку 1918 г. аб’яднаная газета стала выходзіць пад назвай «Известия Армейского Совета солдатских депутатов и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Тыраж і памеры газеты ўражвалі: спачатку дзве, а потым чатыры старонкі фармата А3. За 2 месяцы выйшла 34 нумары, у якіх былі на­друкаваны першыя загады Саветаў па горадзе і павеце. Друкаваліся аб’явы з запрашэннем на працу. Рэдакцыя размясцілася на Аляксандраўскай вуліцы ў Гранд-Гатэлі (сучасны праспект Францыска Скарыны, д.3).

Прапануюць дэлегаты
У некалькіх нумарах газеты былі зме­шчаны матэрыялы Першага Полацкага Павятовага З’езду Сялянскіх, Рабочых, Салдацкіх і Батрацкіх Дэпутатаў, які праходзіў 28 студзеня 1918 г. Гэта быў першы падобны вопыт усеагульнай рэвалюцыйнай дэмакратыі. Сярод дэлегатаў былі тыя, хто канчаткова перайшоў на бок бальшавікоў, і тыя, хто яшчэ сумняваўся. Дыскусіі, адкрытыя выступленні, размовы на перапынках — Полаччына пачынала новае жыццё, і газета станавілася крыніцай свежай і адметнай інфармацыі. Але ў лютым 1918 г. станові­шча ў краіне стала мяняцца. З кожным днём фронт усё бліжэй пад­ступаў да Полацка. У выніку 28 лютага ў горад увайшлі нямецкія войскі. Савет прыпыніў сваю дзейнасць, закрылася і полацкая газета. На дзевяць месяцаў горад трапіў пад акупацыю.


Выжыць ў любых умовах
Толькі пасля таго, як горад пакінулі нямецкія войскі і ў Полацку ўзнавілі працу Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, з новай сілай загучаў голас полацкай перадавіцы. Прыйшлі новыя людзі, з новымі планамі і марамі, у газеты з’явілася новая назва. 22 лістапада 1918 г. выйшаў першы нумар «Красной газеты». Вядома, што ў склад рэдакцыі ўвайшлі таварышы Кабаніхін (член Полацкага павятовага выканкама), Падалка і Шпаер. Газета выходзіла амаль штодзённа, увесь тыраж поўнасцю раскупаўся, хаця з-за недахопу паперы яна выдавалася невялікім фарматам. У распараджэнне рэдакцыі было перададзена абсталяванне прыватных друкарняў Полацка. Праз месяц, з 19 снежня газета вярнула сваю старую назву «Известия Полоцкого уездного Совета рабочих, крестьянских и батрацких и красноармейских депутатов». Сёння ў Музеі беларускага кнігадрукавання можна ўбачыць нумар за 27 ліпеня 1919 г. Кожны выхад газеты быў сапраўднай падзеяй для рэгіёну.

Але Полацк яшчэ толькі марыў пра мірнае жыццё. У верасні 1919 г. горад і часткова павет зноў на 9 месяцаў сталі арэнай ваенных дзеянняў. На станцыю Дрэтунь было эвакуявана кіраўніцтва павета разам з друкарняй полацкай газеты. Рэдакцыя прыняла рашэнне ў сувязі са зменай палітычнага і эканамічнага становішча змяніць і назву выдання. З кастрычніка газета пачала выходзіць як «Октябрьское эхо», стаўшы органам Полацкага павятовага ваеннага-рэвалюцыйнага камітэта, утворанага ў сувязі з набліжэннем фронту.

Пасля вызвалення Полаччыны, якое адбылося ў канцы мая 1920 г., рэдакцыя вярнулася ў горад і заняла памяшканне па вуліцы Камуністычнай, 12. У напаўразбураным горадзе газета не прыпыніла сваю дзейнасць. У 1920 г. «Октябрьское эхо» вялікага фармату выходзіла 3 разы на тыдзень.
У пачатку 1922 г. у полацкай перадавіцы адбыліся новыя змены. Пад назвай «Красное Знамя» газета стала друкаваным органам Полацкага Павятовага выканаўчага камітэта і Павятовага камітэта РКП(б). Газету ўзначаліў новы рэдактар — М.Калмык, загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзела Полацкага павятовага камітэта. Першыя нумары газеты выходзілі тыражом каля 500 штук, але ў планах рэдакцыі было яго павелічэнне да 1000 экзэмпляраў.

Супрацоўнікі газеты на чале з рэдактарам імкнуліся надаць газеце літаратурны напрамак. На старонках выдання часта змяшчаліся прыказкі, прымаўкі, вершы, даваліся практычныя парады. Па словах М.Калмыка, «газета павінна была стаць ініцыятарам, правадніком у барацьбе за новае жыццё». Але, верагодна, у пачатку 1923 г. М.Калмык трагічна загінуў. Сёння апошні вядомы нумар «Красного Знамени» датуецца 2 мая 1923 г. Мяркуецца, што газета спыніла на некаторы час сваё існаванне. Але новыя адміністрацыйныя змены ўнеслі свае карэктывы, і праз год, у верасні 1924 г., полацкая перадавіца зноў сустрэлася са сваімі чытачамі.
Для ўсіх
К лету 1924 г. окончательно решился вопрос о районировании. Полоцк стал окружным центром. Так сказать, произведён чином повыше уезда. Тогда же у многих работников округа запала мысль о создании своей окружной газеты.
Рашэнне зноў выпускаць газету ў Полацку было прынята, але ў горадзе не было спецыялістаў. А.Мітлін, па ўспамінах аднаго з супрацоўнікаў газеты, быў рэдактарам і адначасова з’яўляўся загадчыкам агітацыйна-прапагандысцкага аддзела. Ён жа пастаянна выступаў прысяжным дакладчыкам на ўсіх пасяджэннях выканкама, з’ездах і партканферэнцыях. Камісія доўга вырашала пытанне з назвай газеты. Былую — «Красное Знамя» — было вырашана не браць: «надо было дать название более близкое крестьянину…

Кто-то предложил слово «Пахарь», а затем к нему добавили «Полоцкий», чтоб сразу говорило — и какой уклон в газете, и где она издаётся». Яшчэ адной праблемай стаў недахоп матэрыялаў, у выніку першы нумар выйшаў са спазненнем на паўмесяца — 16 верасня 1924 г. Неаднаразова на старонках вераснёўскіх выпускаў члены камісіі звярталіся да ўсіх, хто мог дапамагчы рэдакцыі, і ўжо праз месяц з’явілася свая сетка селькораў і рабкораў. Вялікім падарункам для «Полоцкого пахаря» стаў накіраваны з Віцебска спецыяліст з вопытам газетнай справы. Першыя месяцы існавання газеты былі вельмі складанымі. Фінансавае становішча ва ўсе часы было вырашальным фактам існавання выдання.
Галоўнымі памочнікамі рэдакцыі ў хуткім часе сталі селькоры і рабкоры з усёй акругі. Захаваліся звесткі аб колькасці карэспандэнтаў у маі 1925 года: селькораў — 124 чалавека, рабкораў — 34. На старонках газеты была створана рубрыка «Уголок селькора». З кожным месяцам папулярнасць «Полоцкого пахаря» павялічвалася. Калі на пачатку ў рэдакцыю прыходзіла па 5-8 лістоў у дзень, праз год іх колькасць узрасла да 40-50 штук.
Прыбыткам газеты было размяшчэнне на яе старонках аб’яў, а сапраўдным падарункам стаў пераезд у новае памяшканне. Летам 1925 г. рэдакцыя і друкарня перабраліся з Дома Саветаў, дзе займалі прахадны пакой на 3-м паверсе, на вуліцу Войкава. Пасля набыцця новага абсталявання магчымасці газеты былі павялічаны ў разы. На 1 кастрычніка 1925 г. у друкарні працавалі 26 чалавек, сярэдні заробак наборшчыка складаў 86 рублёў. Пры друкарні адкрылі пісчапапяровую краму, а з 8 верасня было ўтворана выдавецтва «Полоцкий пахарь», адным з падраздзяленняў якога стала полацкая газета. Тыраж газеты на той час складаў 4 тысячы экзэмпляраў, наперадзе было набыццё друкарскай 2-альбомнай машыны.
Але ажыццяўлялі гэтыя планы ўжо су­працоўнікі газеты і друкарні з новай назвай — «Чырвоная Полаччына».

Ірына ВОДНЕВА, загадчык
Краязнаўчага музея-філіяла НПГКМЗ.
Працяг будзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *