У канцэртнай зале Сафійскага сабора ўрачыста адкрыўся XXVIII Міжнародны фестываль арганнай музыкі«Званы Сафіі».

На мерапрыемства сабраліся шматлікія прыхільнікі класікі, як палачане, так і госці горада з розных рэгіёнаў нашай краіны і з-за яе межаў. У зале аншлаг. Значная падзея ў культурным жыцці Беларусі адбылася на высокім узроўні.

Урачыстасць супала з юбілейнымі датамі: 35 гадоў творчай дзейнасці адзначыла салістка канцэртнай залы, Ганаровы грамадзянін горада Полацка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая, і 15 гадоў выступае на сцэне камерны аркестр «Еўропа-Цэнтр» (дырыжор Раіль Садыкаў). Па ініцыятыве Ксеніі Пагарэлай і пры яе непасрэдным удзеле з 1996 года ў нашым горадзе праводзіцца Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».

Творчым юбілярам была аказана пашана зрабіць самы яркі і выразны акорд музычнага фестывалю — прадэманстраваць праграму, у якую ўвайшлі творы кампазітараў розных краін і эпох. Аматарам класічнай музыкі пашчасціла пачуць кампазіцыі Ферэнца Ліста, Луі В’ерна. Упершыню ў Сафійскім саборы прагучалі вядомыя сачыненні замежных кампазітараў XIX стагоддзя — Макса Рэгена і Аторына Рэспігі.


Артысты падарылі слухачам неацэнныя хвіліны эстэтычнай асалоды, прыемнага хвалявання, гармоніі. Зала апладзіравала стоячы. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што мастацтва ў Полацку любяць і шчыра шануюць.
Іна Ганчарова, госця са Смаленска:
— У Полацку ўпершыню, прыехала спецыяльна на адкрыццё фестывалю. Уразілі артысты, акустыка, выдатны рэпертуар. Прыгажосць і моц аргана — гэта нешта невымоўнае.
Дар’я Солтан, студэнтка Полацкага ляснога каледжа:
— Ніколі раней падобнага не чула. Я сама родам з Хойнікаў, такога насычанага культурнага жыцця там няма. Ад гукаў аргана і аркестра — асаблівыя адчуванні.
Ірына Зянько, індывідуальны прадпрымальнік:
— На фестывалі ўпершыню. Засталася вельмі задаволеная. Не чула раней камерны аркестр. Сімбіёз струнных інструментаў і аргана глыбока запаў у маё сэрца. Вялікая падзяка арганізатарам.
Дырыжору камернага аркестра «Еўропа-Цэнтр» Раілю Садыкаву ўручылі Грамату Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка за творчыя поспехі, высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у мерапрыемствах НПГКМЗ, вялікі асабісты ўклад у папулярызацыю класічнай камернай музыкі і развіццё культурнага патэнцыялу полацкага рэгіёна.
Фота Надзеі КАЛУЖОНАК.