У гэтыя дні сельгаспрадпрыемствы Полацкага раёна імкнуцца наза­пасіць як мага больш травяністых кармоў для жывёлы

Заботы сельские

Прыкмета чэрвеня — уборка траў. У гэтыя дні сельгаспрадпрыемствы Полацкага раёна імкнуцца наза­пасіць як мага больш травяністых кармоў для жывёлы. Галоўнае для спецыялістаў і механізатараў — убраць зялёны корм у патрэбную фазу вегетацыі, пакуль ён не згубіў спажыўнасць.

Разам са старшынёй Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Дабраслаўскім у сераду мы накіраваліся ў сельгаспрадпрыемства «П-С Карпекі», каб мне ўба­чыць, а прафсаюзнаму лідару праманіторыць ход нарыхтоўкі кармоў.

Аляксандр Дабраслаўскі
і Анатоль Рубніковіч.

На ферме «Кауны», побач з траншэямі, мы сустрэліся з галоўным аграномам гаспадаркі Анатолем Рубніковічам. Тут некалькі сянажных траншэй, на адной ішла трамбоўка.

 — Ужо залажылі 1473 тоны сенажу, — расказаў галоўны аграном. — Травы сёлета рэдкія — па 40-50 ц/га, ім не хапае вільгаці. У былыя гады толькі скосіш поле — дождж пройдзе, адразу расце атава, падсілкуеш, і другі ўраджай добры. А сёлета інакш.

Вільгацямерам і тэрмометрам Анатоль Пятровіч вызначае якасць сенажу. Намерыў вільготнасць 58% і тэмпературу 30оС — гэта норма для грубых кармоў.

Мікалай Грыгарэнка.

Ён некалькі разоў на дзень прыязджае сюды, каб зрабіць вымярэнні, ажыццяўляецца і кантрольнае ўзважванне корму. Таксама сочыць за трамбоўкай і галоўны заатэхнік гаспадаркі Вольга Козік.

Пакуль размаўлялі, пад’­ехаў на трактары з поўным кузавам вадзіцель Аляксандр Мялешка. За раз ён прывозіць 7-7,5 тоны сенажу. Сёння зрабіў два рэйсы, учора — 7. Поле ад траншэі знаходзіцца на адлегласці больш за 6 кіламетраў.

Аляксандр Дабраслаўскі правярае ў механізатара і вадзіцеля пуцёўкі. Таксама нагадвае працаўнікам правілы тэхнікі бяспекі на працоўным месцы.

Корманарыхтоўчым камбайнам кіраваў Андрэй Пузака. Ягонаму жалезнаму каню «Палессе» з падборшчыкам пайшоў 13-ы год. Андрэй Пятровіч ставіцца да тэхнікі адказна — таму яна доўга служыць. Гэты працаўнік — адзін з ветэранаў гаспадаркі, уладкаваўся на працу ў 1987 го­дзе, прыехаў з Верхнядзвінскага раёна. За ім замацаваны яшчэ  трактар «Беларус-1221». Вясной Анд­рэй Пузака займаўся культываваннем глебы, восенню будзе ўбіраць кукурузу. На пытанне, якая праца яму больш па душы, прызнаўся: «Траву ўбіраць лепш!» 

Далейшы наш шлях ляжыць на поле. Як добра тут дыхаецца! У паветры водар свежаскошанай травы.
Пазнаёміліся мы і з працаўніком, якому сёлета кіраўнік гаспадаркі Мікалай Карасёў даверыў набытую касілку ўніверсальную самаходную, вырабленую ў Расійскай Федэрацыі. «Добра бегае, — хваліў агрэгат Мікалай Грыгарэнка. — З 26 мая — ніводнай паломкі!» Шырыня касілкі — 7 метраў, яна скашвае і ўкладвае ў валок кармавыя травы з мінімальным расходам паліва.

Апоўдні механізатару прывезлі абед. Дастаўка ежы на месца працы хлебаробаў — абавязак вадзіцеля гаспадаркі Мікалая Чайкоўскага. Ён забірае абеды ў кафэ «Сосніца» і гарачымі дастаўляе іх у поле. У дзень нашага прыезду ён пакарміў 15 працаўнікоў палёў. Што ў меню? Суп з капус­ты, грэцкая каша, гуляш з падлівай, салата з гародніны. У дадатак — ліманад і булачка. «Кожны дзень нешта новае, порцыі вялікія, хлопцы задаволены», — расказаў вадзіцель. Згадзіліся з ім і галоўны аграном Анатоль Рубніковіч, і механізатар Мікалай Грыгарэнка.
Вяртаемся з поля і разважаем: вялікая роля ў атрыманні ўраджаю адводзіцца надвор’ю. Гледзячы на рэдкія травы і азімы ячмень, на якім ужо сфарміраваўся колас, у думках мы жадалі, каб хутчэй пайшоў дождж і дапамог раслінам вырасці.

Сяргей Козік і Аляксандр Мялешка.
На трамбоўцы працаваў вопытны механізатар Сяргей Козік. Ён пачынае працоўны дзень у 7 гадзін і заканчвае каля 19 гадзін. Пасля апошняй машыны, якая прывозіць сянаж, трамбуе яшчэ гадзіну. На ноч траншэя закрываецца поліэтыленам. Трамбоўка вядзецца з кансервантам «Бактафлор».
Сяргей Козік прабываў у добрым настроі. Яму спадабаецца справа, якой займаецца. Кармы прывозяць 5 адзінак тэхнікі, Сяргей Віктаравіч паспявае разраўняць сянаж і ўтрамбаваць яго з захаваннем тэхналогіі.

Фота Аліны БАЛЬШАКОВАЙ.