У гэтыя дні ў гаспадарках Полацкага раёна актыўна ідзе ўборачная кампанія зерневых і зернебабовых культур

Актуальное Заботы сельские

У гэтыя дні ў гаспадарках Полацкага раёна актыўна ідзе ўборачная кампанія зерневых і зернебабовых культур. План уборкі выкананы на 65%. Штодзень добрасумленна працуе ў полі сям’я Карклінь з УП «Гараны-Агра» — бацька Пётр Эдуардавіч і яго дзеці: Раман і Вольга. Для іх сёлетняе жніво — справа не толькі дзяржаўная, як для ўсіх хлебаробаў, а яшчэ і сямейная.

DCIM\101MEDIA\DJI_0055.JPG

У пятніцу мы апоўдні прыехалі ва ўрочышча Ліпавае сельгаспрадпрыемства «Гараны-­Агра». Сонца стаяла высока, жытняе поле прыцягвала ўвагу сваёй прыгажосцю. Адначасова чатыры камбайны КЗС-1218, якімі кіравалі Раман Карклінь, Антон Храмцоў, Васіль Дуброўскі і Радзік Туманаў, вялі ўборку азімага жыта сорту «Пралеска». Яно давала на круг 30 цэнтнераў. «Шчыра кажучы, мы чакалі лепшы ўраджай,  — адзначыла галоўны аграном гаспадаркі Алёна Івашкевіч. — На развіццё раслін аказала ўплыў засуха, а таксама падчас нядаўняга граду і ліўню зерне асыпалася».

Мы пагаварылі з Раманам Карклінем і яго памочнікам Іллёй Аў­дзеевым. Маладыя мужчыны прабывалі ў добрым настроі. На іх рахунку ўжо больш за 300 тон намалочанага зерня. Іх экіпаж адзін з лепшых у гаспадарцы і ўваходзіць у лік раённых перадавікоў. Раман Карклінь — не навічок на жніве, удзельнічаў у былыя гады ва ўборачнай кампаніі ў складзе маладзёжнага экіпажа. Ён па прафесіі механізатар, скончыў Полацкі ліцэй сельгасвытворчасці (зараз — аграрна-тэхнічны каледж). Тое, што сёлета на жніве працуюць бацька з сястрой, яго радуе. Яны абмяркоўваюць агульныя вытворчыя пытанні, і гэта збліжае сям’ю.

На мінулым тыдні гаспадаркі Полацкага раёна прыступілі да  сяўбы азімага рапсу. Тэхналагічныя прыёмы пры яе выкананні абмяркоўваліся падчас вытворчай нарады ў сельгаспрадпрыемстве «Палімір-агра». Запланавана пасеяць азімы рапс на плошчы 2300 га, амаль палова да задання ўжо выканана. У лідарах па сяўбе —  філіял «Вясна-энерга» (222 га), УП «Палімір-­агра»(180 га) і УП «Гараны-Агра»(155 га).   

На пшанічным полі працавалі Пётр Карклінь з дачкой Вольгай на камбайне NEW HOLLAND. Пётр Эдуардавіч у былыя гады быў тысячнікам на жніве на камбайне КЗС-1218. «Гэта тэхніка зусім іншая, вялікая, на ёй я першы год,  — падкрэсліў вопытны хлебароб.  — Жатка шырокая — 12 метраў. Складваецца ўражанне, што за той жа час можна зрабіць удвая больш. Праца ідзе, ураджай вырас. Нам бы надвор’я без дажджу».

DCIM\101MEDIA\DJI_0085.JPG

На пытанне, што ўваходзіць у абавязкі памочніка камбайнера, Вольга Карклінь адказвала дакладна, як на экзамене: забяспеч­ваць тэхнічнае абслугоўванне камбайна, сачыць за якасцю жніва, падтрымліваць чысціню у кабіне, выконваць каманды камбайнера. Вольга вучыцца на эканаміста ў Беларускай дзяржаўнай сельгас­акадэміі. Пасля вучобы плануе вярнуцца дамоў і працаваць на ка­рысць гаспадаркі «Гараны-Агра». Чаму вырашыла прыняць удзел у жніве? Захацела больш даведацца пра хлебны ўраджай, убачыць працэс сваімі вачыма. 19-гадовая дзяўчына заўсёды ў добрым настроі, яе пазітыў перадаецца бацьку. Добразычлівая атмасфера ў кабіне камбайна ўплывае на вынік працы экіпажа.

Гаранцы ўжо выканалі план уборкі зерневых культур на 52%. Азімая пшаніца ўбрана з плошчы 371 га, азімае жыта — 27 га, азімы рапс — 260 га. Азімае жыта прадэманстравала ўраджай­насць 54 ц/га. Аддача поля азімага рапсу — 21,1 ц/га.

Фота Маргарыты БАРАНОК і Надзеі КАЛУЖОНАК.