Усе гаспадаркі Полацкага раёна ў чацвер на мінулым тыдні прыступілі да яравой сяўбы. За чатыры дні план сяўбы зерневых і зернебабовых выкананы на 30%.
На палях вядзецца ўзворванне, падсяваюцца мнагалетнія травы, ідзе падсілкоўванне азотам азімых зерневых, вывозіцца арганіка пад яравую сяўбу, уносяцца калійныя ўгнаенні. У падрыхтоўчых мерапрыемствах важна не згубіць вільготнасць глебы. Аграрыі пры выкананні вясенніх палявых работ хоць і арыентуюцца на каляндар (вызначаныя тэрміны сяўбы прымушаюць спяшацца), але звяртаюць увагу і на надвор’е, стан глебы. Аграномы імкнуцца спланаваць працу на полі так, каб кожны гектар зямлі забяспечыў максімум аддачы.
Раніцай у пятніцу мы наведалі ўрочышча Галаўні УП «Палімір-агра», дзе ішла сяўба зернебабовых. Галоўны аграном гаспадаркі Іна Ванславовіч адзначыла, што зараз на полі горача: працуюць некалькі трактараў, выконваюць пастаўленыя задачы. Ужо пасеялі плошчу 96 гектараў. Тут, у Галаўнях, поле 56 гектараў. Зерневая група яравой сяўбы ў гаспадарцы — усяго 135 га. У пятніцу да вечара аграном планавала яе завяршыць. «Нам кармы патрэбныя, будзем аднагадовыя травы сеяць, вырошчваць кукурузу», — адзначыў спецыяліст. Паліміраўцы добра папрацавалі восенню: пасеялі азімыя культуры на плошчы больш за тысячу гектараў.
Аляксандр Туркоў — адзін з вопытных механізатараў гаспадаркі — працаваў на трактары з сеялкай. На сяўбе ў «Палімір-агра» ён працуе чацвёртую вясну, а ў галіне сельскай гаспадаркі 26 гадоў. Аляксандр Анатольевіч зазначыў, што сяўба павінна весціся правільна, яе якасць залежыць ад настройкі агрэгатаў, захавання тэхналагічнай каляі, правільнага баранавання.
Вясенне-палявыя работы павінны весціся адпаведна з рабочымі планамі. Замацаваныя за гаспадаркамі адказныя работнікі Полацкага райвыканкама і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама правяраюць кнігі гісторыі палёў, кантралююць забеспячэнне гаспадарак мінеральнымі ўгнаеннямі, якасць насеннага матэрыялу і наяўнасць гербіцыдаў для хімпраполкі азімых зерневых і азімага рапсу. На кантролі захаванне тэхналогій пры апрацоўцы глебы і сяўбе яравых зерневых, зернабабовых культур, яравога рапсу. Самаходныя машыны «Раса» і «Дзвіна» павінны мець навігатары. Кантралюецца наяўнасць апырсквальнікаў, забеспячэнне гаспадарак кадрамі, арганізацыя гарачага харчавання для ўдзельнікаў пасяўной кампаніі, колькасць паліва і кантроль за яго выкарыстаннем. Працаўнікі палёў павінны праходзіць абавязковы штодзённы медыцынскі агляд. Трактары павінны быць укамплектаваны вогнетушыцелямі і медыцынскімі аптэчкамі.