Традыцыйны малебен з нагоды пачатку кампаніі па нарыхтоўцы кармоў у гаспадарках Полацкага раёна прайшоў у пятніцу ў філіяле «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга».
Ва ўрочышчы Чарнешчына сабраліся на чале з намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама–начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалаем Баратынскім спецыялісты ўпраўлення, кіраўнікі райплемстанцыі і ветстанцыі, дырэктары сельгасарганізацый, механізатары філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», каб папрасіць дапамогі Божай у значнай справе — нарыхтоўцы кармоў для жывёлы, ад колькасці і якасці якіх залежыць эканоміка гаспадарак і дабрабыт працаўнікоў.
— Травы знаходзяцца ў стадыі спеласці, надышоў час іх закладкі ў траншэі ці ўпакоўкі ў плёнку, — падкрэсліў Мікалай Баратынскі.
— Значную справу пачынаеце: зямелька-матухна аддзячыць добрым ураджаем траў за працу ў полі з ранку да вечара, за стараннасць, — звярнуўся да прысутных айцец Уладзімір (Рацьковіч), настаяцель Свята-Пакроўскай царквы г.Полацка, і запрасіў усіх памаліцца, папрасіць у Бога здароўя, моцы, спрыяльнага надвор’я.
Спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, галоўны ветурач Полацкага раёна Сяргей Булыка нагадалі кіраўнікам гаспадарак пра неабходнасць захавання тэхналогій.
Прага да працы
Механізатар філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Віталь Апанасёнак пачынае нарыхтоўку кармоў у добрым настроі. У філіяле малады мужчына працуе ўжо шосты год, да працы ў полі прывычны. У час уборкі траў ён працуе на КВК (кормаўборачны высокапрадукцыйны комплекс), а круглы год за ім замацаваны трактар «МТЗ-1221».
Родам ён з Глыбоцкага раёна. Скончыў Віцебскі станкаінструментальны каледж, атрымаў прафесію тэхніка-механіка. Калі прыйшоў працаваць у сельскую гаспадарку, вывучыўся на трактарыста. У Полацкі раён пераехаў па запрашэнні сябра, які працуе ў філіяле. Гаспадарка выдзеліла сям’і механізатара, у якой выхоўваюцца двое дзяцей, арэндную кватэру ў Полацку.
Мужчына расказаў, што любоў да зямлі ў яго ад бацькі, які працаваў у Глыбоцкім раёне механізатарам. Ва ўборачную пару яшчэ хлопчыкам на малой радзіме ён быў у бацькі-камбайнера памочнікам. Віталя захапляла хлебнае поле, ён марыў быць гаспадаром на зямлі, апрацоўваць глебу, вырошчваць ураджай. Мара збылася!