З кожным днём сонца ўсё вышэй, незаўважна надыйдзе час веснавых палявых работ.
Пра падрыхтоўку тэхнікі да яравой сяўбы ішла размова на занальным семінары на чале з прадстаўнікамі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама — Мікалаем Караткевічам, намеснікам старшыні, і Віталем Вараб’ёвым, начальнікам упраўлення раслінаводства і кормавытворчасці. У семінары бралі ўдзел Мікалай Баратынскі, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, і Яўген Набебін, дырэктар філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга».
Сустрэча інжынераў па механізацыі і спецыялістаў па раслінаводстве ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні Расонскага, Лепельскага, Ушацкага, Верхнядзвінскага і Полацкага раёнаў адбылася ў філіяле «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга».
«Сёлета перад Віцебскай вобласцю стаіць грандыёзная задача па валавай вытворчасці прадукцыі раслінаводства — рапсу, кармавых культур, сена, сенажу, сіласу, забяспечанасці кармамі», — засяродзіў увагу прысутных Віталь Вараб’ёў. І зазначыў, што даведзеных параметраў трэба дасягнуць нягледзячы на недахоп людзей, тэхнікі. Асноўныя пытанні на сённяшні дзень — назапашванне мінеральных угнаенняў і падрыхтоўка якаснага насення.
«Папярэдне перазімоўка маналітаў у сярэднім па вобласці паказвае больш-менш тэндэнцыю натуральнага змяншэння — да 10% па ячменю, па пшаніцы — да 5% і па рапсе сітуацыя прадказальная», —праінфармаваў Віталь Мікалаевіч і расказаў пра парадак закупкі ўгнаенняў. «Вывазіце на палі арганіку, гэтае пытанне — на штодзённым кантролі!» — заклікаў спецыяліст удзельнікаў семінара.
Сёлета кароткія тэрміны сяўбы, павялічана плошча па кукурузе, зерневы клін трэба пасеяць своечасова. «Імкніцеся, каб у 6 гадзін раніцы тэхніка была ў полі, — параіў Віталь Вараб’ёў, — тады зможаце ўкласціся ў тэрміны сяўбы — за 15-20 дзён». Пасяўную кампанію спецыяліст назваў стратэгіяй нумар адзін, а корманарыхтоўка — на другім месцы. Па ёй таксама задачы вялікія. Трэба нарыхтаваць сена, сянаж, сілас, кармы ў плёнцы, каб у будучым не давялося іх купляць у іншых раёнах і гаспадарках.
Якасць працы ў полі, на думку прадстаўніка абласнога камітэта, павінна стаць адказнасцю агранамічнай службы. Віталь Вараб’ёў патрабаваў, каб у актах прыёмкі тэхнікі з рамонту былі подпісы галоўных аграномаў гаспадарак. Яны — тэхнолагі, павінны праверыць тэхніку на спраўнасць усіх механізмаў, каб у полі не ўзнікала пытанняў па рэгуліроўцы глыбіні ворыва і іншых. Тэхналагічная апрацоўка глебы і сяўба — палова поспеху на шляху да атрымання высокіх ураджаяў.
Мікалай Караткевіч зазначыў, што ў сельскагаспадарчай вытворчасці ўсё ўзаемазвязана: калі якасна не падрыхтавалі тэхніку, несвоечасова і нетэхналагічна пасеялі — ураджаю не будзе. Адпаведна, не давядзецца разлічваць на малако і мяса, а значыць, і на грошы на заработную плату і рамонт тэхнікі. Вось такі кругаварот. Мікалай Генадзьевіч падкрэсліваў неабходнасць якасна пасеяць кукурузу, пад якую сёлета павялічаны плошчы ва ўсіх раёнах. Да пачатку сяўбы гэтай культуры ў Віцебскую вобласць паступяць 80 сеялак дакладнага высеву, якія будуць размеркаваны па раёнах. Новую тэхніку прапануюць перакідваць па гаспадарках дзеля якаснага пасеву кукурузы і атрымання высокіх ураджаяў.
На семінары быў прааналізаваны стан з рамонтам энерганасычанай тэхнікі, культыватараў, сеялак ва ўсіх раёнах. «Трэба максімальна арганізаваць працу па рамонце тэхнікі, да 25 сакавіка яна павінна быць гатовая да выезду ў поле», — патрабаваў Мікалай Караткевіч.
Практычная частка семінара прайшла на мехдвары філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Удзельнікі мерапрыемства наведалі цяплічны камбінат, дзе пазнаёміліся з тэхналогіяй вырошчвання агуркоў, таматаў і зяленіўных культур.