У гэтыя дні кіпіць праца ў мехмайстэрнях сельскагаспадарчых арганізацый Полацкага раёна. Найбольш адказна да рамонту тэхнікі аднесліся ў гаспадарках «Кушлікі», «Палімір-агра», філіяле «Вясна-энерга», УП «П-С Карпекі», «Гараны-Агра». На рамонт тэхнікі гаспадаркі ўжо выдаткавалі 550 тысяч рублёў.
На мехдвары сельгаспрадпрыемства «П-С Карпекі» камбайны, машыны, трактары для лепшай захаванасці знаходзяцца пад дахам. «Імкнемся ўвосень прывесці тэхніку ў парадак. А тыя трактары і машыны, якія неабходна, рамантуем зімой», — расказваў галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Чаўлытка.
У майстэрні за рамонтам трактараў мы напаткалі механізатараў Пятра Сініцу, Дзяніса Пузырэўскага і Данілу Піражкова, зваршчыка Андрэя Саковіча, слесара Юрыя Пузырэўскага. «Саша Круглікаў на трактары працуе і за токара ў нас. Вал падагнаць ці што іншае зрабіць ён умее», — нахвальваў працаўніка галоўны інжынер.
«Некалькі гадоў таму на выставе «Белагра» мы з дырэктарам гаспадаркі Мікалаем Карасёвым набылі печку для абагрэву нашай мехмайстэрні», — расказаў Аляксандр Чаўлытка. Камфортная тэмпература і ў гардэробе, санітарным вузле, у памяшканні, дзе можна паабедаць. «Людзі — наша галоўная каштоўнасць», — падкрэсліваў галоўны інжынер і адзначаў, што дырэктар іх гаспадаркі імкнецца ствараць спрыяльныя ўмовы для працуючых на ўсіх участках.
У самога Аляксандра Міхайлавіча за плячыма вялікі вопыт працы. Уладкаваўся ў далёкім 1985 годзе ў калгас «Шлях Леніна» (былая назва УП «П-С Карпекі») пасля вучобы ў Гарадоцкай сельгасакадэміі, усё жыццё працуе на карысць Полацкага раёна. «З майстэрні пачынаецца жыццё гаспадаркі. Тут з дырэктарам мы кожную раніцу размяркоўваем тэхніку на палі і фермы, вырашаем пытанні па рамонце, вечарам падводзім вынікі і плануем заўтрашні дзень», — расказваў вопытны спецыяліст.
Большасць мужчын — не навічкі ў прафесіі і гаспадарцы. Яны ведаюць, што да рамонту трэба ставіцца з адказнасцю, каб не было праблем у полі. Побач з імі набывае вопыт Даніла Піражкоў — выпускнік Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці. Хлопец штодзень прыязджае ў Карпекі з горада на ўласным аўтамабілі. У гаспадарцы «П-С Карпекі» ён праходзіў вытворчую практыку, а мінулым летам прыйшоў сюды на працу. Сёлетняя сяўба для Данілы будзе першай у працоўнай біяграфіі.
З першапачатковых задач, якія стаяць перад механізатарамі, — вывазка на палі ўгнаенняў. У гэтыя дні ад ферм адвозіцца арганіка. «Мы да вясны амаль гатовыя, — падсумаваў размову галоўны інжынер. — Глебаапрацоўку ўжо можам пачынаць, сеялкі таксама хутка будуць падрыхтаваны».
Аляксей Матвееў, намеснік начальніка аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама: — Усе намаганні сяльчан скіраваны на падрыхтоўку лінейкі гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі да 1 сакавіка. Традыцыйна з першага дня вясны ў гаспадарках Полацкага раёна па графіку пачнецца дзяржаўны тэхнічны агляд трактараў, прычэпаў, іншай тэхнікі. У цяперашні час гатоўнасць трактараў адпавядае 85%, энерганасычанай тэхнікі — 80%, камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў — 65%, камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў — 74%, машын для ўнясення ўгнаенняў — 77%, плугоў — 86%. Плануецца на рамонт тэхнікі накіраваць 1 мільён рублёў уласных сродкаў сельгаспрадпрыемстваў і 700 тысяч рублёў будуць выдаткаваны з раённага бюджэту.