Уборка зялёнага корму ў гаспадарках Полацкага раёна вядзецца на працягу двух тыдняў. Пакуль спрыяе надвор’е — праца ідзе шпарка. Заданне па ўборцы траў першым укосам па стану на ўчарашнюю раніцу па раёну выканана на 35,5%. Лепш за іншых — філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» (план выкананы на 71%), філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» (59%), ААТ «Кушлікі» (54%). Па добрай традыцыі сяльчане ў гэтай адказнай справе звяртаюцца па дапамогу да Госпада.
Напярэдадні свята Дня горада-2015 на адным з палёў філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» — ва ўрочышчы «Курган», якое знаходзіцца паблізу Кургана Бессмяротнасці ў Полацку, адбыўся традыцыйны малебен перад пачаткам нарыхтоўкі кармоў з удзелам кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна.
Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук адзначыў, што якасныя кармы — гэта фінансы гаспадарак, гэта малако. Зараз, у чэрвені, травы першага ўкосу, насычаныя бялком, — галоўны складальнік пажыўнага корму. Сёлета з-за адсутнасці фінансаў няма магчымасці адрамантаваць усю неабходную для ўборкі тэхніку, могуць нашкодзіць гэтай важнай для сяльчан працы і дажджы (як было ў мінулым годзе), таму трэба пастарацца зрабіць зараз як мага болей з тымі касілкамі, граблямі і здрабняльнікамі, якія ёсць. «Сёння мы зноў сабраліся разам на адным з палёў Полацкага раёна, каб памаліцца, папрасіць дапамогі Божай перад пачаткам уборачнай. Вельмі важна, каб гэтая праца прайшла зладжана, без страт і траўм», — падкрэсліў Мікалай Шаўчук. Пад апладысменты калег ён уручыў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь кіраўніку сельгаспрадпрыемства «Кушлікі» Фёдару Завадскаму за ІІІ месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2014 годзе.
Галоўны аграном філіяла «Вясна-энерга» Ганна Грышкевіч паведаміла, што сёлета ў працаўнікоў іх гаспадаркі вялікія планы на ўраджай. Неабходна нарыхтаваць 5745 тон сенажу, каля 10 тысяч тон сіласу, упершыню ў гэтым годзе ў філіяле будзе весціся нарыхтоўка зернесенажу. Пад яго пасеяны адналетнія травы на плошчы 414 гектараў. Вялікі — паўтарагадовы аб’ём кармоў трэба нарыхтаваць таму, што жывёла ўтрымліваецца на ферме круглы год, не выпасаецца. Нядаўна пабудаваную робатазаваную ферму ў Заскарках трэба таксама забяспечыць якаснымі кармамі на ўвесь год. Тэхнікі ў філіяле дастаткова. З механізатарамі традыцыйна аказвае дапамогу інвестар — РУП «Віцебскэнерга».
Айцец Уладзімір, настаяцель царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы г.Полацка, звярнуўся да кіраўнікоў гаспадарак з заклікам жыць і працаваць у дружбе, дапамагаць адно аднаму: «Калі мы збіраемся разам, молімся, мы — разам, гэта згуртаванне. Сёння мы звернемся ў малітве да Госпада, папросім каб Усявышні даў нам магчымасць зрабіць тое, што трэба».
Удзельнікі малебна — кіраўнік улады Полацкага раёна Мікалай Шаўчук, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна, механізатары філіяла «Вясна-энерга» ўзносілі малітву да неба, гледзячы на святыню полацкай зямлі — Сафійскі сабор. Усе прасілі ў Госпада сілы — фізічнай і душэўнай, дабрабыту, міру на зямлі, спрыяльнага для сельскагаспадарчых работ надвор’я. Першыя дні ўборкі траў першага ўкосу прадэманстравалі іх нізкую ўраджайнасць, таму сяльчане звярталіся да Бога са спадзяваннямі, што травы другога ўкосу будуць лепшымі, і ў выніку яны змогуць нарыхтаваць неабходную колькасць кармоў для жывёлы.