Яшчэ ў лістападзе мінулага года на Віцебшчыне стартаваў абласны этап ХІІ Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і ўстаноў спецыяльнай адукацыі «Вясёлкавы карагод».
Гэты дзіцячы фестываль аб’яднаў больш за 500 юных артыстаў з 46 устаноў адукацыі і Багушэўскага дома-інтэрната і каля 850 мастакоў з 80 устаноў адукацыі.
І вось надышоў час падвядзення вынікаў. Фінал у Віцебску адкрыў дарогу новым уражанням. У ім бралі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прайшлі раённыя і абласныя адборачныя этапы. На гэтым цудоўным свяце паказалі свае здольнасці і палачане — выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Полацкага раёна.
Журы адзначыла творчыя працы выхаванцаў нашай установы, якія былі прадстаўлены на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А поспехі юных артыстаў адзначаны дыпломамі І ступені Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама ў намінацыях «Харэаграфічная творчасць» і «Вакальная творчасць» сумесна з вучнямі Фарынаўскай ДС-СШ Полацкага раёна і дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Лепшая канцэртная праграма». Таксама нашу ўстанову адукацыі журы рэспубліканкага конкурсу фестывалю «Вясёлкавы карагод» узнагародзіла дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Людміла ЦЫГАНОВА, сацыяльны педагог ЦКРНіР.