У пятніцу ў філіяле «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» ушаноўвалі чарговага тысячніка — пераможцу жніва-2016. Вадзіцель гаспадаркі Васіль Рагаўцоў стаў другім у Полацкім раёне тысячнікам на перавозцы збожжа.
Павіншаваць пераможцу прыехалі намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама Наталля Крывец, старшыня Полацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Янічак, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі, а таксама маладому перадавіку выказалі словы падзякі за добрасумленную працу дырэктар філіяла «Гараны-Агра» Аляксандр Калтуноў, старшыня прафкама Ала Баркун і галоўны аграном Тамара Макарава.
Шчырыя словы, Граматы, падзячны ліст, падарачны сертыфікат і падарунак у грашовай форме, а таксама традыцыйны прыз тысячнікаў — майка з сімволікай Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК — узнялі настрой працавітаму вадзіцелю.
— У гэтыя хвіліны адчуваю і хваляванне, і радасць, і гонар. Усе пачуцці адначасова. Гонар за сябе, за калег і сваю гаспадарку, — расчулена гаварыў Васіль Рагоўскі.
Ён — хлопец тутэйшы. Родам з Новых Гаран. Выхоўваўся ў мнагадзетнай сям’і. Бацька працаваў шафёрам у гаспадарцы, і Васіль, колькі сябе памятае, марыў таксама «круціць баранку». З пяцярых дзяцей сям’і Рагаўцовых ён адзін працуе ў сельскай гаспадарцы і ўжо на працягу 14 гадоў адданы абранай прафесіі. Тут, у Гаранах, ён вучыўся, тут сустрэў сваё каханне. Гараны сталі малой радзімай для яго 9-гадовага сына Івана і гадавалай дачушкі Васілісы. Дарэчы, Ваня, таксама як і ён у дзяцінстве, калі знаходзіцца ў машыне, глядзіць на бацьку хітрымі вачыма, каб той дазволіў «паруліць».
Сваю працу Васіль Рагаўцоў любіць, хоць і стамляецца, як усе, і рамонт — частая з’ява. У гарачы час уборачнай даводзілася здзяйсняць у дзень на МАЗе з 10-тонным кузавам па 5-8 рэйсаў, а то і больш. Пакуль перавёз тысячу тон, здзейсніў 100 рэйсаў! Але да працоўнай перамогі імкнуўся.
У мінулыя гады ён ужо быў вадзіцелем-тысячнікам, хацеў і сёлета не адстаць. У першую чаргу даказаць сабе, што можаш, а ў другую — гэтае неафіцыйнае званне падбадзёрвае, дорыць задавальненне ад працы, надае ўпэўненасці ў сваіх сілах. Зараз Васіль і яго бацька Анатоль Мікалаевіч — калегі. Вопытны пенсіянер працуе ў гэтай жа гаспадарцы на бензавозе. Старэйшы Рагоўскі больш за ўсіх ганарыцца поспехамі сына, таму што добра разумее цану яго працоўнай перамогі.