Здавалася б, жніво скончылася, можна зрабіць перадышку. Але ў аграрыяў Полаччыны пачынаецца чарговы напружаны і адказны перыяд працы — уборка кукурузы на сілас.
На гэтым тыдні да нарыхтоўкі царыцы палёў прыступілі ў КУП «Захарнічы», дзе пад гэту культуру адведзены 521 га. Надвор’е спрыяе, і сяльчане імкнуцца паспець убраць кукурузную масу, закласці яе ў сіласныя траншэі, каб забяспечыць жывёлу якасным кормам на ўсю зіму.
Калі мы прыехалі ва ўрочышча Захарнічы, работа тут кіпела. КВК-800, якім кіраваў Сяргей Лось, ледзь-ледзь можна было заўважыць, бо ён поўнасцю хаваўся ў кукурузе,— такая яна ладная ўрадзіла на гэтым полі.
— У гаспадарцы працую ўжо 15 гадоў, справу сваю люблю. Займаюся нарыхтоўкай кармоў, спачатку былі травы, цяпер прыступіў да кукурузы. Сэрца радуецца, калі такую прыгажосць бачыш — высачэзная, сакавітая, — падзяліўся Сяргей Валер’евіч.
Толькі і паспявалі адвозіць зялёную кукурузную масу ад кормаўборачнага камбайна Валерый Ліс, Дзмітрый Зуеў, Віктар Зуеў, Васіль Жукоўскі. Доўга чакаць наступнага рэйсу нікому з іх не даводзілася, адзін за адным напаўняліся кузавы.
— Больш за 20 гадоў ужо ў гэтай гаспадарцы. Тут і бацькі працуюць, адзін сын на адвозцы кукурузы сёлета задзейнічаны, другі — зараз служыць ў арміі, дагэтуль таксама быў работнікам КУП «Захарнічы». Любім мы сялянскую працу, — расказаў Дзмітрый Зуеў.
Зялёную кукурузную масу з палеткаў адразу вязуць на сіласную траншэю на МТК, дзе на Амкадоры-352 яе трамбуе Яўген Тамашэвіч.
Акрамя ўборкі царыцы палёў у гаспадарцы працягваецца ўзворванне глебы і сяўба азімых.
На ўчарашнюю раніцу ў КУП «Захарнічы» кукуруза ўбрана на 37 га. Сярэдняя ўраджайнасць — 446 ц/га. Валавы збор зялёнай масы — 1650 тон.