Народная вечарынка «Цешчыны зборы» займела пастаянную прапіску ў Палатоўскім сельскім Доме культуры. Гэтае свята, пранізанае іскрамётным гумарам яго ўдзельнікаў, якія прыязджаюць з усяго Полацкага раёна, заўсёды зараджае іх і гледачоў пазітывам і добрым настроем.
Сёлета вечарынка крыху змяніла фармат: упершыню ў Палату прыехалі цешчы без зяцёў. Але з-за гэтай акалічнасці свята не стала менш цікавым. Жанчыны весяліліся ад душы, групы падтрымкі актыўна апладзіравалі сваім цешчам за спрыт і фантазію. Якімі ж таленавітымі, вясёлымі, клапатлівымі і мудрымі паказалі сябе цешчы!
Вечарынка мела фармат конкурсу, у якім удзельніцы атрымлівалі балы за візітку-прэзентацыю «Я — ваша цешча, добры дзень!», гумарыстычны марафон «Пра жыццё з зяцем», прыпевачны рынг «Цешча на цешчу», выставу-здзіўленне «А мой самавар лепшы», блінны батл «Завітайце на блінОК».
Колькі цікавага даведаліся ўдзельнікі і шматлікія гледачы, якія прыйшлі ў Палатоўскі СДК, пра цешчу і яе зносіны з зяцем! Гучалі песні і вершы пра ролю цешчы ў сям’і, яе сяброўства з зяцем. А якія бліны прывезлі на свята цешчы-майстрыхі!
Апладысментамі госці і гаспадары свята віталі народны ансамбль беларускай песні і музыкі «Полацкія россыпы».
Журы складана было вызначыць пераможцу: цешчы з сельсаветаў Полацкага раёна былі спрытныя, вясёлыя і таленавітыя! Але самую вялікую колькасць балаў набрала Аліна Фёдараўна Аксёнава з в. Аўдзеева Астроўшчынскага сельсавета, якой прысвоілі тытул «Народная цешча» (на фота). 81-гадовая пераможца конкурсу — старэйшая па ўзросце — пакарыла журы сакавітай беларускай мовай, артыстызмам і пачуццём гумару.
Усім удзельніцам вячоркі старшыня журы, кіраўнік Палатоўскага сельвыканкама Інга Казлова ўручыла дыпломы за перамогу ў розных намінацыях і падарункі.
Фото автора.