У аграгарадку Блізніца Полацкага раёна і зараз захавалася тра­дыцыя адзначаць Юр’еў дзень

Культура

У аграгарадку Блізніца Полацкага раёна і зараз захавалася тра­дыцыя адзначаць 6 мая Юр’еў дзень, які з’яўляецца адным з галоўных святаў беларускага народнага календара. Яно адзначаецца ў гонар Святога Георгія Пераможцы — заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы.

Дзякуючы намаганням народнага фальк­лорнага ансамбля «Блізнянка» Сільніцкага СДК і яго кіраўніка Вольгі Чобат, мясцовых работнікаў культуры, якія падчас працы выкарыстоўваюць веды, набытыя ад сваіх матуль, бабуль і мясцовых носьбітаў фальклору, Юр’еў дзень стаў любімым святам вяскоўцаў. На працягу 7 гадоў яго святкаванне ўваходзіць у раённы культурны праект «З народнай скарбонкі Полаччыны».

На Юр’еўскім свяце ў гэтым годзе ў Блізніцы адбыліся традыцыйны абрад на полі «Юр’е зямлю адкрывае, расу выпускае» з упрыгожваннем каравая, святочнае шэсце па падворках аграгарадка «Дзень паклонаў зямлі» і канцэрт для гасцей свята, у якім прынялі ўдзел народны ансамбль песні «Млын» Ветрынскага ГПДК, народны фальклорны ансамбль «Блізнянка» і вакальны ансамбль «Харашуха» Сільніцкага СДК.

Кацярына Паўловіч, рэдактар Полацкага РЦК (тэкст і фота).