У абласным вытворчым спаборніцтве ў намінацыі «Сярод раёнаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур» у другой групе Полацкі раён заняў ІІ месца

Заботы сельские

Ва ўрачыстай атмасферы лепшыя хлебаробы прыдзвінскага краю адзначылі фінальны этап абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці «Дажынкі-2022».
Важкі ўклад (35 тысяч тон) у рэкордны абласны намалот, які склаў 1 мільён 115 тысяч тон зерня, унеслі працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў полацкай зямлі. У абласным вытворчым спаборніцтве ў намінацыі «Сярод раёнаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур» у другой групе Полацкі раён заняў ІІ месца (старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч на фота — другі справа).

Годна і ўрачыста лепшыя хлебаробы прыдзвінскага краю адзначылі фінальны этап абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022».

У святочным мерапрыемстве брала ўдзел і дэлегацыя Полацкага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Ігарам Марковічам.


Свята пачалося з цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў жніва ў Віцебскім аблвыканкаме. Удзельнікаў урачыс­тасці шчыра віталі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыла, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач, старшыня Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Ярэма.


Гонар ахопліваў палачан, калі ўзнагароды атрымлівалі землякі. Падзячныя лісты і грашовую дапамогу ўручылі камбайнерам ААТ «Кушлікі» Аляксандру Каросціку і Андрэю Гарнастаю, якія ў абласным спаборніцтве сярод старшых камбайнераў і камбайнераў сельскагаспадарчых арганізацый занялі ІІ месца з намалотам 1464 тоны зерня на камбайне «Мега-204». Высокая ўзнагарода — нагрудны знак рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК «За заслугі» — уручана Аліне Завацкай, намесніку дырэктара па вытворчасці ААТ «Кушлікі». Дырэктар УП «Палімір-агра» Яўген Антоненкаў атрымаў дыплом за ІІ месца, якое заняла гаспадарка ў конкурсе па добраўпарадкаванні машынных двароў. Дырэктару УП «Гараны-Агра» Яўгену Блохаву ўручаны дыплом і грашовая дапамога за ІІ месца, якое заняла сельгаспрадпрыемства ў абласным спаборніцтве сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы зерневых і зернебабовых культур. Падарачны сертыфікат на пуцёўку ў санаторый «Лётцы» ўручаны трактарысту ААТ «Новыя Гараны» Сяргею Косцюшаву.

Свята прадоўжылася на плошчы Перамогі, дзе ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.


А потым гучалі народныя песні на падворках раёнаў Віцебскай вобласці. Палачане прыцягвалі ўвагу ўдзельнікаў «Дажынак» гучнай песняй у выкананні творчых калектываў Полацкага раёна, ураджаем агародніны філіяла «Вясна-­энерга» РУП «Віцебскэнерга», прадукцыяй УП «Полацкія напоі і канцэнтраты», ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», філіяла Полацкі хлебазавод ААТ «Віцебскхлебпрам», ААТ «Полацкі малочны камбінат».
Заслужаныя ўзнагароды ўручылі лепшым працаўнікам сельскагаспадарчай галіны. На святочную сцэну ўздымаліся і палачане. Падзяка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлена намесніку старшыні Полацкага райвыканкама-начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалаю Баратынскаму і генеральнаму дырэктару ААТ «Полацкі малочны камбінат» Уладзіміру Сафронаву. Па­дзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена Руслану Жукоўскаму, навучэнцу Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці, за добрасумленную працу і дасягненне высокіх вынікаў падчас праходжання вытворчай практыкі. Дыплом пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў уручаны ААТ «Кушлікі».

Святочны канцэрт з удзелам лепшых творчых калектываў Віцебскай вобласці, у тым ліку і заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, узорнага тэатра танца «Прэм’ер-спонайд» Цэнтра культуры «Полацк», нікога не пакінуў раўнадушным. Артысты падарылі гледачам цудоўны святочны настрой.
З галоўнай сцэны свята ў Віцебскай абласной філармоніі гучалі віншаванні хлебаробам з поспехамі на жніве ад кіраўніцтва краіны, міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Віцебскага аблвыканкама, шматлікіх прадпрыемстваў.