Полацк у многім з’яўляецца пачынальнікам. Не выключэнне — і падзеі ў культурным жыцці. На мінулым тыдні на некалькі дзён наш горад у чарговы раз стаў фестывальнай сталіцай — у Гарадскім Палацы культуры, на базе Школы тэатра Сімяона Полацкага, упершыню ў Беларусі адбыўся фестываль монаспектакляў «УМОЎNО».
Ён праходзіў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у рамках праекта «Форум дзеячоў мастацтва ў галіне тэатра на прыкладзе монаспектакля як унікальнага жанру тэатральнага мастацтва». У ліку арганізатараў фестывалю народны тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі звяз» Гарадского палаца культуры. У фестывалі бралі ўдзел прадстаўнікі пяці краін — Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі.
Ідэя аб правядзенні фестывалю нарадзілася каля года таму, калі была распрацавана праграма тэатральнага партнёрства. Напярэдадні адкрыцця глядзельнай залы ўзнікла пытанне: як яе задзейнічаць аптымальна. І тады з’явілася думка, што Школа тэатра павінна, перш за ўсё, выхоўваць гледача, прадастаўляючы яму магчымасць далучацца да тэатральнага мастацтва ў розных яго праяўленнях, разлічаных на розны ўзрост, рознага гледача, розны рэпертуар.
Фестываль «УМОЎNО» наспеў у выніку вывучэння разнастайнасці жанраў. Чаму менавіта монаспектакль? Ён аказаўся найбольш дасягальным у плане прадстаўлення, што ў многім спрыяла вырашэнню арганізацыйных пытанняў. У выніку ў Полацк былі запрошаны пяць прафесійных тэатральных калектываў. Валкскі гарадскі тэатр (г.Валка, Латвія), Тэатр «SOLO» (г.Вільнюс, Літва), сацыяльна-мастацкі тэатр (г.Санкт-Пецярбург, Расія), тэатр «Jabloko» (г.Ракверэ, Эстонія) і Андрэй Саўчанка (г.Мінск, Беларусь), а таксама два аматарскіх калектывы — узорны юнацкі тэатр-студыя «Гармонія» (г.Полацк) і творчае аб’яднанне «Станиславский верит» (г.Наваполацк).
Ларыса Горцава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар сцэны Тэатра юнага гледача (г.Мінск):
«Правядзенне такіх фестываляў, як «УМОЎNО», адыгрывае неацэнную ролю, перш за ўсё, у выхаванні моладзі, далучаючы яе да высокага мастацтва. Зроблены першы, яскравы крок насустрач новай традыцыі. Жадаю, каб правядзенне тэатральных фестываляў стала яшчэ адным брэндам Полацка. Шчырыя словы ўдзячнасці арганізатарам, якія здолелі правесці мерапрыемства на найвышэйшым узроўні».
Полацкія гледачы атрымалі сапраўды ўнікальную магчымасць убачыць творчасць акцёраў ва ўсёй яе разнастайнасці — ад драматычнай гісторыі «Гульня аб Ганне Франк» паводле дзённікаў 13-гадовай дзяўчынкі, якая разам з бацькамі ў акупаваным Амстэрдаме хаваецца ад фашыстаў, да сучасных варыяцый на тэму класікі: «Сад» (па матывах п’есы «Вішнёвы сад» А.П.Чэхава) і «Анёлы Дастаеўскага» (паводле вядомых раманаў Ф.М.Дастаеўскага). У пастаноўцы «Пяшчота» паводле апавядання французскага пісьменніка Анры Барбюса ўсяго праз пяць лістоў раскрыта пранізлівая гісторыя кахання. Актуальна і сучасна прагучалі «КаЛідор», «Парны танец у адзіночку» і «Мабільнасць».
Міхаіл Краснабаеў, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (г.Віцебск):
«Фестываль адбыўся. І трэба зрабіць усё, каб ён меў працяг. Гэта дасць стымул для далейшага развіцця тэатральнага жыцця і культуры ў цэлым не толькі ў горадзе, але і ў рэгіёне. Палачане атрымалі ўнікальную магчымасць далучыцца да ўзораў элітарнай творчасці, якія прадэманстравалі прадстаўнікі розных тэатральных школ.
Хочу адзначыць высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства і падзякаваць камандзе, якая зрабіла ўсё, каб падзея атрымалася».
Пасля кожнага спектакля адбывалася абмеркаванне з удзелам прадстаўнікоў прафесійных тэатраў і праводзіліся майстар-класы, падчас якіх не толькі прадстаўляліся ўрокі творчасці, але і даваліся ацэнкі і рэкамендацыі, што, безумоўна, будзе спрыяць далейшаму развіццю.
Фестываль выканаў сваю задачу — палачане атрымалі ўнікальную магчымасць далучыцца да глыбокага і шматвобразнага свету тэатра, пазнаёміўшыся з яго ў многім элітарным жанрам. Удзельнікі фестывалю, у сваю чаргу, высока ацанілі полацкага гледача і гасціннасць фестывальнай сталіцы. Полацкая школа тэатра выканала сваю задачу, прадаставіўшы акцёрам і гледачам магчымасць разам зрабіць крок да развіцця, што, несумненна, паспрыяла ўзбагачэнню духоўнага свету і інтэлектуальнага багажу. Вельмі хочацца верыць, што ён будзе мець працяг.