Традыцыйна з года ў год працоўны дэсант полацкіх каледжаў у верасні шчыруе на ўборцы агародніны на палетках філіяла «Вясна-энерга». Безумоўна, і гэтая сонечная восень не стала выключэннем.
Больш за тыдзень 27 сельскагаспадарчых студэнцкіх атрадаў, а гэта каля 600 дзяўчат і хлопцаў, працуюць ва ўрочышчы Чарнаручча, дзе на 15 га ўрадзіла знатная морква.
— Тут моладзь ужо амаль скончыла ўборку караняплодаў. Працуюць навучэнцы ў дзве змены. З раніцы да абеда прыязджаюць на поле студэнцкія атрады з хіміка-тэхналагічнага і эканамічнага каледжаў, потым прыступаюць лясны і каледж імя П.М. Машэрава, — расказала брыгадзір філіяла «Вясна-энерга» Марына Нікіціна.
Яшчэ яна дадала, што за змену кожны навучэнец у сярэднім збірае ад 80 да 120 вёдзер морквы. Некаторыя нават устанаўліваюць асабістыя рэкорды.
Так, напрыклад, Аляўціна Кляўда з хіміка-тэхналагічнага каледжа стараецца кожны дзень павялічыць свой паказчык па ўборцы караняплодаў.
— Учора 135 вёдзер напоўніла сакавітай агароднінай. Мне падабаецца працаваць, у нас пануе цудоўная сяброўская атмасфера, час на полі пралятае як адно імгненне, — прызналася дзяўчына.
Стараецца ад аднагрупніцы не адставаць і Дар’я Самасюк, якая была прыемна здзіўлена такой працай. Убіраць моркву аказалася нескладана і пры гэтым нават весела, бо дзяўчаты з 315 групы рупліва ды з песняй завіхаюцца ў барознах.
Імкнуцца хутчэй напоўніць кантэйнеры караняплодамі і навучэнцы эканамічнага каледжа. Многія з іх упершыню задзейнічаны на сельгасработах.
Будучы праграміст Яраслаў Бруквін расказаў, што вельмі любіць моркву, таму з асобым энтузіязмам напаўняе кожнае вядро.
У кузаве машыны з кантэйнерамі жвава завіхаўся Павел Кісляк, таксама навучэнец эканамічнага каледжа, які за дзень паспявае прымаць некалькі сотняў вёдзер.
— Прыемна бачыць вынік агульнай працы, мне падабаецца такі занятак, — усміхаецца хлопец.
Ужо заўтра ў юнакоў і дзяўчат апошні працоўны дзень на палетках гаспадаркі. Таму замінаць руплівай моладзі не сталі, пажадалі поспехаў, і работа зноўку закіпела.