Падведзены вынікі вытворчага спаборніцтва камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў АПК за I квартал 2022 года.
Звяно робатазаванай даільнай залы філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» ў складзе Таццяны Тофаравай, Людмілы Савіцкай, Іны Лапкоўскай, Юліі Ануфрыенка заняла I месца па вытворчасці малака сярод робатазаваных даільных залаў Віцебскай вобласці.
— Наш працоўны поспех невыпадковы, — упэўнена сцвярджае загадчык жывёлагадоўчага комплекса «Заскаркі» Святлана Градава. — 1 красавіка споўніўся год, як уведзена ў эксплуатацыю другая робатазаваная зала. І новае абсталяванне на ёй паспяхова засвоілі працалюбівыя дзяўчаты-пераможцы.
Калектыў дзвюх даільных залаў працуе адной дружнай камандай. Усе імкнуцца дапамагаць і падтрымліваць. Механізатары адказваюць за кармленне дойнага статка, даглядчыкі ўважліва сочаць за жывёламі, аператары даільных залаў імкнуцца да павелічэння вытворчасці малака. Ад выніка агульнай працы залежаць заработная плата і прэміі працаўнікоў.
Чатыры жанчыны-аператары раней працавалі на комплексе «Заскаркі» жывёлаводамі. Дзве з іх — Людміла Савіцкая і Таццяна Тофарава — палачанкі, Іна Лапкоўская і Юлія Ануфрыенка — з Полацкага раёна. Вучоба ім усім давалася няпроста. Але засвоілі робатазаванае абсталяванне, навучыліся прымаць ацёлы, абыходзіцца з нованароджанымі цялятамі.
— Бывала за начную змену цяліліся па пяць кароў, — расказвала Юлія Ануфрыенка. — Калі ўсё залежыць толькі ад цябе, справішся. І кароў падоіш, і цялят прымеш. Жанчыны працуюць пазменна, па 12 гадзін: абслугоўваюць амаль 100 галоў дойных кароў-першацёлак.
— Зараз сярэдні ўдой па іх групе — 30 кілаграмаў малака, — падсумоўвае Святлана Градава. — За мінулы год «знайшлі» дзве тоны каштоўнага прадукту. Вытворчасць малака стала 10 тон.
Святлана Градава нахвальвала свой калектыў, падкрэсліваючы, што сярод спецыялістаў, жывёлаводаў і аператараў няма раўнадушных. Усе адказныя, зацікаўленыя ў атрыманні лепшых вынікаў. Таму і працоўнай перамогі дасягнулі.