7 студзеня, у дзень Раства Хрыстова, здавалася, усе шляхі вялі да Сафійскага сабора, дзе праходзіла святочнае мерапрыемства, прысвечанае аднаму з галоўных хрысціянскіх святаў. Шматлікія палачане прыйшлі ў старажытную Сафію, каб далучыцца да ўсеагульнай урычыстасці.
Поўная зала, прыўзнятая атмасфера, упрыгожаная ёлка на сцэне… Прысутныя слухалі зварот епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація. Уладыка гаварыў пра любоў, міласэрнасць і мір. «Жыць трэба па законах сумлення і праўды — усё гэта так проста і, разам з тым, так важна ў імя міру на Зямлі і ў сэрцы кожнага чалавека, у імя выратавання душы», — адзначыў ён.
З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, душэўнай гармоніі да прысутных звярнуліся намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Святлана Валюшкіна і старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч.
Падчас вялікага святочнага канцэрта лепшыя самадзейныя калектывы і салісты Полаччыны выканалі духоўныя і класічныя музычныя творы. Чыста і зладжана гучалі галасы і інструменты, узносячы гімн Раству, светлы, урачысты, радасны.
«Хрыстос нараджаецца — слаўце! Хрыстос сыходзіць з нябёсаў — сустракайце!» — гучала ў кожным сэрцы. З надыходам Раства Хрыстова ў самых патаемных кутках душы загараўся агеньчык веры і светлай надзеі.