Свой адлік газета «Полацкі веснік» пачала з далёкага 1917 года

Калейдоскоп праект "Бацькаўшчына"

Свой адлік газета «Полацкі веснік» пачала з далёкага 1917 года. Ішла Першая сусветная вайна. На тэрыторыі Полацка размяшчаліся вайсковыя часці 3-й Арміі Заходняга фронту.

Разам з салдатамі жыхары Полаччыны некалькі гадоў чыталі армейскую газету, праз якую знаёміліся з падзеямі на фронце і з тымі зменамі, якія адбываліся ў жыцці краіны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, калі цар Мікалай ІІ адрокся ад прастола і ўлада перайшла да Часовага ўрада. Зацягнутая вайна, голад і хваробы не задавальнялі людзей.

Змена ўлады прывяла да росту прыхільнікаў партыі бальшавікоў, якія выступалі за падпісанне мірнага дагавору з Германіяй. Найбольш актыўныя з іх абіраліся ў Саветы салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў. Ім давяралі абарону правоў тых, каму выпаў нялёгкі лёс, хто зведаў цяжар вайны. Такі Савет дэпутатаў у сакавіку 1917 года стварылі і ў Полацку, а ўжо 17 красавіка 1917 года ў яго з’явіўся друкаваны орган — полацкая газета «Революционный голос».

Кантора і рэдакцыя размя­шчаліся па вуліцы Крыжовай у доме №9. На тыдзень выходзіў адзін нумар газеты коштам 10 капеек. Але з кожным нумарам голас полацкай перадавіцы мацнеў. У №3 за 2 мая 1917 года мы знахо­дзім звесткі пра дзейнасць Полацкага павятовага харчовага камітэта, які на агульным пасяджэнні прадстаўнікоў розных устаноў распавядаў пра вельмі складанае становішча з прадуктамі. Працягвалася вайна, у горадзе знаходзіліся бежанцы, у лазарэтах і шпіталях было шмат параненых. Кіраўнік камітэта таварыш Лук’янаў сцвярджаў, што Полаччына знаходзіцца пад пагрозай хлебнага крызісу: «Ежемесячно для уезда необходимо 37 вагонов муки, в земстве же сейчас есть 1 вагон крупы и сахару на 3 месяца — больше ничего. Возлагаются надежды на запасы, приобретенные спекулянтами и слишком осторожными гражданами. Но этих запасов… все равно хватит только на несколько дней». Напрыканцы пасяджэння прынялі 8 рэзалюцый, у якіх найперш было вырашана дакладна падлічыць усе рэшткі хлеба і больш рашуча шукаць дапамогі ў губернскім камітэце.
Летам 1917 года палітычная сітуацыя ў краіне змянілася. Бальшавікі пацярпелі паражэнне, і ўлада перайшла да буржуазіі. Выхад полацкай газеты прыпыніўся. Праўда, поўнасцю пакінуць палачан без свежых навін ужо не ўдалося.

На старонках газеты «Известия» друкаваліся паведамленні аб пасяджэннях Рэвалюцыйнага трыбунала, які размяшчаўся ў адным з будынкаў кадэцкага корпуса. Праз газету шукалі сведкаў здарэнняў. У некалькіх нумарах друкаваліся аб’явы з запрашэннем на працу. У  пачатку 1918 года найбольш запатрабаванымі былі людзі, якія ведалі: «1) мыловаренное дело, 2) кожевенное, 3) колбасное, 4) бондарное, а также искали 5) лиц, могущих быть инструкторами для открытого костного завода, 6) лиц, хорошо знающих статистику, 7) воспитателей и воспитательниц для работы в очагах и детских приютах». Усе зацікаўленыя павінны былі звяртацца ў рэдакцыю, якая размяшчалася на Аляксандраўскай вуліцы ў «Гранд-Гатэлі» (сучасны праспект Францыска Скарыны, 3).

З пачатку 1918 года стала выходзіць газета пад назвай «Известия Армейского Совета солдатских депутатов и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Тыраж і памеры газеты ўражвалі: спачатку выходзілі дзве, а потым чатыры старонкі фармата А3. За 2 месяцы выйшлі 34 нумары, у якіх былі надрукаваны першыя загады Саветаў па горадзе і павеце, аб’явы з запрашэннем на працу, паведамленні пра паляпшэнне жыцця і побыту працоўных. Газета дапамагала палачанам беспамылкова тлумачыць палітыку бальшавікоў, разбірацца ў новых парадках.

Вось радкі з №8 ад 13 студзеня 1918 года: «…Рабочие города Полоцка берут свою судьбу и судьбу города в свои руки. Первый революционный акт — это сегодняшний декрет Полоцкого Совета Рабочих, Солдатских и Крестьянских депутатов о переходе квартир в ведение Совета. Никто не может упрекнуть Совет, что он кого-нибудь грабит, разоряет, он не посягает на дома, в которых живут сами хозяева и на отдельные комнаты (ниже 25 рублей в месяц). Он отнимает лишь нетрудовые доходы у частных собственников.

Калі знаёмішся з артыкуламі і паведамленнямі амаль 100-гадовай даўніны, здзіўляешся, наколькі лагічнымі, выверанымі і змястоўнымі былі ў той час матэрыялы газеты. Тэксты, прысвечаныя зменам у жыцці, падзеям у Пецярбургу і Маскве, поспехам на фронце, былі рознымі па памерах, амаль без малюнкаў і фотаздымкаў, але газетныя артыкулы з дакладнымі звесткамі былі зразумелыя ўсім чытачам. 

Декрет №1 Полоцкого Совета Рабочих, Солдатских и Крестьянских Депутатов:
1) все квартиры в г.Полоцке с 1 января 1918 года объявляются общенародным достоянием и переходят в ведение Полоцкого Совета.
2) все казенные, общественные и частные управления, учреждения, заведения, магазины, лавки, склады, погреба и т.п., а также все лица, снимающие квартиры с уплатой аренды свыше 25 руб. в  месяц, арендуют и квартплату вносят в Казначейство Полоцкого Совета Р.С.и.К.Д. (адрес — Кадетский корпус, флигель №6, помещение бывшего ВРК 3-й армии).

Виновные в невыполнении настоящего постановления подлежат преданию Революционного суда».
У некалькіх нумарах газеты друкаваліся матэрыялы Першага Полацкага Павятовага З’езду Сялянскіх, Рабочых, Салдацкіх і Батрацкіх Дэпутатаў, які праходзіў 28 студзеня 1918 года. У лютым 1918 года становішча ў краіне стала мяняцца. Кожны дзень фронт усё бліжэй падступаў да Полацка. 28 лютага ў горад увайшлі нямецкія войскі. Савет прыпыніў сваю дзейнасць, закрылася і полацкая газета. На дзевяць месяцаў горад трапіў пад акупацыю.

Ірына ВОДНЕВА,
загадчык
Краязнаўчага музея.