Вёска Шацілава — адзін са шматлікіх населеных пунктаў Гаранскага сельсавета Полацкага раёна, стаіць на беразе рэчкі Обаль, вабіць хараством прыроды і прыгажосцю сядзібаў дбайных гаспадароў.
У гэты маляўнічы куточак Полацкага раёна, дзе пастаянна пражываюць крыху менш за 30 мясцовых жыхароў, завітала свята «Дзень вёскі». У госці да сяльчан і шматлікіх дачнікаў. Хаця дачнікамі іх можна назваць умоўна, таму што гэтыя людзі, у большасці сваёй, — усе родам з Шацілава, дзякуй ім за тое, што не кідаюць хаты сваіх бацькоў, прыязджаюць сюды на лета з бліжэйшых населеных пунктаў, а некаторыя — з Мінска і нават з Масквы.
Cлужбы — для сяльчан
У выхадны дзень да шацілаўцаў на свята прыехалі намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч, старшыня Гаранскага сельвыканкама Мікалай Карасёў, старшыні ўсіх сельвыканкамаў раёна. Госці прыехалі на свята, каб падзівіцца, як у сельскай мясцовасці можна рэалізаваць праект «Раённыя службы — для сяльчан!».
— На сённяшнім свяце сяльчане атрымаюць новыя веды, прымуць удзел у акцыях і прэзентацыях, — распавяла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Астапава.
І запрасіла на экскурсію па вёсцы, дзе на розных вуліцах са сваімі пляцоўкамі размясціліся спецыялісты раённых служб: Полацкгаза, вузла паштовай сувязі, аддзела адукацыі, спорту і турызму, бібліятэчнай сістэмы, гарадской бальніцы, службы быту, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райпо, Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур. Да тэматычных пляцовак падыходзілі сяльчане, з цікавасцю слухалі спецыялістаў, набывалі неабходныя тавары.
Пакланіліся крыжу
А гэтым часам пачалося асвячэнне Паклоннага крыжа, які ўстаноўлены ў Шацілаве напярэдадні свята вёскі. Айцец Аляксей са Свята-Пакроўскай царквы г.Полацка паведаміў, што некалі ў Шацілаве была царква, гэтае месца — святое, намоленае, цяпер пакланіцца крыжу змогуць усе жадаючыя жыхары вёскі. Крыж быццам заменіць сяльчанам страчаную святыню. Свяшчэннаслужыцель адслужыў малебен у гонар устаноўленага крыжа, акрапіў яго і ўдзельнікаў малебна святой вадой.
Брава, майстар!
Удзельнікі экскурсіі па вёсцы Шацілава атрымалі сапраўднае задавальненне. Шчырыя ўсмешкі і гасціннасць мясцовых жыхароў і гасцей, іх добрыя пажаданні ўразілі і падарылі цудоўны настрой.
Беларуская песня ў выкананні народнага ансамбля беларускай песні і музыкі «Полацкія россыпы» Раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур неслася далёка па наваколлі. Гасцей зацікавіла выстава «Святло залатой саломкі» майстра Зоі Прасняковай. Творчыя працы самадзейнага майстра ўпрыгожваюць мясцовы клуб. Таленавітай жанчыне падабаецца вязаць, вышываць, рабіць цікавыя працы з саломкі. У яе творчых працах значнае месца адведзена кветкам: ружам, лілеям, валошкам. Госці свята нібы зазірнулі ў душу майстра, падзякавалі Зоі Сямёнаўне за творчасць, а дырэктар Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Вольга Шаркевіч уручыла ёй Падзячны ліст і каштоўны падарунак.
Для аматараў чытання
Супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы на чале з дырэктарам Ганнай Бурносенка прывезлі кніжную выставу, расказалі пра працу бібліёбуса.
Работнікі Полацкага раённага вузла паштовай сувязі прапаноўвалі аформіць падпіску на газеты, набыць часопісы, давалі кансультацыі па паштовых паслугах. Забаўляльную праграму з канцэртам і конкурсамі прывезлі на свята супрацоўнікі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Частуйцеся!
Старэйшына вёскі Алена Пісаненка насупраць свайго дома зрабіла цікавую выставу з дароў прыроды, частавала гасцей пірагамі і варэнікамі. Гэтая гаспадыня — адзіная ў вёсцы, якая трымае на падворку карову.
Стол для гасцей, на якім гаспадарылі дары прыроды, быў накрыты і ў двары самай пажылой жыхаркі вёскі Шацілава, 87-гадовай Леаніды Цімафееўны Смірновай.
Павіншаваць жанчыну са святам вёскі прыехалі актывісты раённай ветэранскай арганізацыі. Людміла Андрэеўна Дзянісава напісала прыгожы верш пра вёску Шацілава, радкі якога кранаюць сэрца…
Яшчэ адзін стол з ураджаем агародніны мы ўбачылі на падворку 65-гадовай Галіны Пятроўны Пахоменка. Яе сястра Раіса Пятроўна з задавальненнем прадэманстравала нам агуркі цікавага сорту даўжынёй амаль 30 сантыметраў! Віталь Андрэевіч Пахоменка сустракаў гасцей спевамі пад гармонік. Яны з сястрой Таццянай прыязджаюць у бацькоўскі дом на лета з Мінска, ім даспадобы цішыня і прыгожы бераг рэчкі, які бачны
з акна.
У адным з двароў работнікі культуры наладзілі свята калодзежа. Галоўны герой свята — Дзед Ціхоня — забаўляў конкурсамі дарослых і дзяцей!
На дапамогу
Прыёмшчыца заказаў з комплекснага прыёмнага пункта «Новыя Гараны» ААТ «Полацкрайбыт» Наталля Беражкова распавяла, што ўдзельнікі свята набылі некалькі ручнікоў, цікавіліся бытавымі паслугамі.
Спецыялісты газавай службы — старшы майстар Аляксандр Жыгуноў і інжынер па ахове працы Ірына Баранава — давалі кансультацыі па ўстаноўцы газавага абсталявання, па правільным карыстанні газавымі балонамі. Дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага аблугоўвання насельніцтва Аляксандр Шухлеў расказаў, што з самага ранку ў Шацілаве рэалізуецца праект «Пчала ляціць на дапамогу». Да спецыялістаў звярнуліся 3 сталыя жанчыны з просьбай зрабіць ім прычоскі. Сяльчане даведаліся пра паслугі, якія аказваюць спецыялісты пажылым грамадзянам і інвалідам. 10 чалавек — трэцяя частка ад усяго насельніцтва вёскі Шацілава — абслугоўваюцца сацработнікам на даму. Усім гэтым грамадзянам на свяце ўручаны падарункі.
Медыцынскія работнікі прапагандавалі здаровы лад жыцця. У палатцы райпо паведамілі, што на свяце карысталася попытам кулінарная прадукцыя, а таксама шацілаўцы здалі 7 кілаграмаў лісічак.
На галоўнай сцэне
Шчыра віншаваў шацілаўцаў з днём вёскі старшыня Гаранскага сельвыканкама Мікалай Карасёў. Ён адзначыў, што дзякуючы стараннасці жыхароў, гэты населены пункт у дзень свайго нараджэння выглядае прыбраным, чыстым, утульным. Мікалай Васільевіч разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Новыя Гараны» Ларысай Кудранок уручылі падарункі сяльчанам у розных намінацыях конкурсу, вынікі якога былі падведзены напярэдадні свята.
У намінацыі «Мае гады — маё багацце» ўшанавалі старажылаў вёскі Л.Ц.Смірнову, В.П.Калач, Л.А.Смірнову, А.Ф.Калач, М.М.Баранаву. Ім зычылі моцнага здароўя, каб святло ў дамах гарэла яшчэ доўгія гады.
Прыз за лепшую сядзібу са словамі падзякі за любоў да зямлі і роднай вёскі атрымала Зоя Марозава.
За арыгінальнае афармленне ўчастка падзякавалі Анатолю Пісаненка. За арыгінальнае афармленне дома атрымала прыз Галіна Ярыга. У намінацыі «Майстар на ўсе рукі» адзначылі Сяргея Пахоменка. За творчы падыход у працы з дрэвам лепшай прызнана сядзіба Валянціны Лакомскай. У намінацыі «Удачны дачнік» перамог Аляксандр Шавяка. У конкурсе «Кветкавая карусель» перамог Пётр Андрэевіч Заплаўненка. Прызам адзначаны і лепшы палісаднік Уладзіміра Калача. Алена Пісаненка атрымала прыз як самая гасцінная гаспадыня.
З удзячнасцю
Спецыялісты «Полацкгаза» ўшанавалі самых дысцыплінаваных спажыўцоў звадкаванага газу індывідуальных установак вёскі Сяргея Пахоменка і Уладзіміра Акуцёнка. Памочнік урача Гаранскай амбулаторыі Ігар Мятла ўручыў падарунак самай паслухмянай пацыентцы Леанідзе Смірновай. Работнікі пошты ўшанавалі падарункамі ўдзельнікаў акцыі па падпісцы на газету «Полацкі веснік» Аляксандра Пісаненка, Галіну Пахоменка, Таццяну Пахоменка, Зою Марозаву і падзякавалі за шматгадовую працу аператару пункта паштовай сувязі «Новыя Гараны» Людміле Мазай. Ад Цэнтра культуры прымала добрыя словы за дапамогу ў правядзенні святаў і падарунак мясцовая жыхарка Анастасія Калач. Бібліятэкар Вольга Шавяка выказала словы ўдзячнасці вяскоўцам, якія адгукнуліся на просьбу прыняць удзел у выставе «Знатны дачнік».
…Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю нашай газеты прыйшло пісьмо са словамі шчырай падзякі за свята. У длінным спісе — Мікалай Карасёў, старшыня Гаранскага сельвыканкама, Вольга Шавяка, бібліятэкар Новагаранскай бібліятэкі, Вера Юдэнка, дырэктар Новагаранскага СДК, Ларыса Кудранок, намеснік дырэктара ААТ «Новыя Гараны», артысты Новагаранскага СДК — Людміла Бортнікава, Вера Юдэнка, Галіна Карзюк, Святлана Сафроненка, Валянціна Кальсіна, Валерыя Прыгодзіч, гаранскага СДК — Галіна Сушчык, ансамбль «Полацкія россыпы» і спявак Васіль Граноўскі, паэтка Людміла Дзянісава.