Свята вёскі Азіна Полацкага раёна падарыла сяльчанам незабыўныя ўражанні

Культура Общество

Свята вёскі жыхары Азіна чакалі. І старанна да яго рыхтаваліся. Па ініцыятыве мясцовай сельскай улады шматлікія гаспадары на сваіх падворках «пасялілі« буслоў: вырабілі гэтых грацыёзных птушак з розных матэрыялаў, размясцілі ў палісадніках, на дахах ды верандах. І пасля іх з’яўлення ў вёсцы стала больш утульна і светла.

На заклік вырабіць буслоў адгукнуліся таксама ўстановы і арганізацыі, размешчаныя на тэрыторыі Азіна: магазіны, сельвыканкам, Бельскае лясніцтва, Дом культуры, Азінскі дзіцячы садок. Напярэдадні свята быў абвешчаны конкурс «Бусел на хаце — шчасце ў хаце«. Усіх буслоў сфатаграфавалі, а фотаздымкі вынеслі на суд грамадскага журы: у дзень свята кожны мог прагаласаваць за буслоў, якія найбольш спадабаліся. Агульнае галасаванне і вызначыла пераможцаў.


Работнікі Азінскага СДК на чале з дырэктарам Аксанай Валынка падрыхтавалі праграму «Бусліны клёкат — гэта родны дом». Святочную атмасферу стваралі музыка, выстава творчых работ вяскоўцаў, праца атракцыёнаў і гандлю. Мы падзівіліся на буслоў, вырабленых у тэхніцы канзашы вучнямі Мацюшэўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы пад кіраўніцтвам Ніны Брыль, убачылі вязаных птушак Т.У.Мурашкевіч, А.С.Флажковай, пашытых з тканіны — Г.А.Клепікавай і Г.В.Пятровай. Кожная творчая праца — прыгожая, унікальная!


Жыхары Азіна і суседніх вёсак, якіх сабралася каля 100 чалавек, сталі сведкамі са­праўднага святочнага дзейства, галоўным героем якога быў бусел — крылаты сімвал нашай краіны, сімвал неба, сонца, святла.


Шчыра віталі гледачоў любімыя артысты — ансамбль Азінскага СДК «Бела чайка», а таксама таленавітая творчая моладзь. Вядучыя свята ўзгадвалі, што менавіта бусел па народнай легендзе прыносіць у дом немаўлят. Дружнымі апладысментамі сяляне віталі маладых маці — удзельнікаў парада дзіцячых калясак. Менавіта птушка з белымі крыламі, калі селіцца побач з домам, прыносіць дабрабыт і сямейнае шчасце. На свяце ўшаноўвалі сямейныя пары, якія адзначылі юбілейныя вяселлі: Алену і Аляксандра Флажковых, Таццяну і Аляксандра Сівалкіных, Вераніку і Рыгора Філімонавых, Алену і Дзмітрыя Шамшураў, Марыну і Юрыя Костыкаў, Галіну і Генадзія Бабашынскіх, Таццяну і Рыгора Сядзь­ковых, Алену і Аляксандра Парфененка. Сёлетнім летам значныя сямейныя юбілеі — рубінавае і сапфіравае вяселлі — адзначаць Людміла і Леанід Бердашкевічы і Валянціна і Анатоль Логінавы. Усім пералічаным сем’ям удзельнікі свята жадалі здароўя, шчасця, яснага сонца!


Запомнілася гледачам выступленне на свяце артыстаў Мацюшэўскага СДК. Роля бусліка была выканана на самую высокую адзнаку, а прапанаваныя цікавыя гульні, загадкі і конкурсы ўзнялі настрой дарослым і дзецям.


Шчыра віншавала са святам сваіх аднавяскоўцаў старшыня Азінскага сельскага Савета дэпутатаў Алена Чувашэнка. Яна выказала словы ўдзячнасці ўсім добрым людзям, хто дапамагаў зрабіць іх населены пункт больш прыгожым, утульным, сучасным, — Георгію Кудраўцаву, Наталлі Тардуа, Аляксандру Лялётка, Ніне Пакатавай, Сяргею Матвееву, Віталю Новікаву. Бібліятэкар Вольга Кірпічонак стварыла эмблему свята, дапамагла размаляваць павільёны аўтобусных прыпынкаў. Мясцовы жыхар Віталь Анатольевіч Зайцаў прадаставіў піламатэрыялы, з якіх Васіль Ананьевіч Седзюкевіч зрабіў прыгожыя лавачкі для Дома культуры.
Бацька і сын Брылі па сваёй ініцыятыве спілілі аварыйныя дрэвы на тэрыторыі Дома культуры. Прадпрымальнік Сяргей Ткачэнка падзяліўся пяском для рамонту цэнтральнага ўвахода ў Дом культуры, а дырэктар Полацкага раённага Цэнтра культуры Наталля Казіміраўна Карпенка арганізавала і дапамагла зрабіць рамонтныя работы ў СДК. Прыгожыя клумбы ля Дома культуры — справа клапатлівых рук Таісы Уладзіміраўны Мурашкевіч, Галіны Васільеўны Пятровай і Людмілы Станіславаўны Петрашкевіч. Свой уклад у падрыхтоўку свята ўнеслі Вячаслаў Захараў і Ірына Ягораўна Боханава.
Старшыня сельвыканкама агучыла вынікі конкурсу на лепшыя малыя архітэктурныя формы «Бусел». Пераможцам стаў Віталь Генадзьевіч Новікаў, ІІ месца заняла Ніна Міхайлаўна Пакатава, ІІІ месца — Алена Анатольеўна Глінская.
Віталь Новікаў прадставіў на свяце выразаных з дрэва фігурак старадаўніх славянскіх багоў. Разьба па дрэве — яго новае захапленне, буслоў, якія «жывуць» на верандзе, вырабіў сваімі рукамі. Гэты таленавіты малады мужчына зрабіў самастойна дом, арэлі, альтанку, дэкаратыўную агароджу.
Пад апладысменты падвялі вынікі працы пляцоўкі «Полацкі веснік» — газета на ўсе 100». Напярэдадні сялянам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе на самы рарытэтны нумар раённай газеты, які захаваўся ў доме. Многія з азінцаў прыйшлі на свята з газетай, а перамагла ў конкурсе Галіна Пятрова, якая прынесла «Полацкі веснік» 1987 года. Латарэя вызначыла самых адданых падпісчыкаў раённай газеты-юбіляра, імі сталі П.А.Курдзюкоў і Т.У.Мурашкевіч. Заахвоцілі падарункам ад «Полацкага весніка» і загадчыцу Азінскага паштовага аддзялення Таццяну Апанасёнак, якая праводзіць вялікую работу па папулярызацыі мясцовай газеты: на ІІ квартал аформілі падпіску 44 вяскоўцы.
На свяце гучалі мілагучныя песні пра родны край і буслоў. Усе артысты спявалі шчыра, з душой. Словы да адной з песень пад назвай «Бусліная вёска» напісаў Вячаслаў Мурашкевіч, ветэран працы, былы старшыня Азінскага сельскага Савета дэпутатаў, які сёлета заўчасна пайшоў з жыцця. Гэта былі яго апошнія вершы — пра родную зямлю, любімую вёску Азіна. Сяльчане ўспомнілі свайго земляка гучнымі апладысментамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *