Сваёй перамогай на жніве-2020 ганарацца і камбайнеры, і перавозчыкі збожжа

Заботы сельские

Герояў нашай сённяшняй публікацыі — Генадзя Даніленку з ААТ «Новыя Гараны», Леаніда Станкевіча з ДП «Астроўшчына» і Мікалая Скарадзёнка з ААТ «Кушлікі» — аб’ядноўвае шчырая любоў да зямлі, шматгадовая адданасць хлебаробскай справе і тое, што сёлета ў гэтыя жнівеньскія дні яны дасягнулі на жніве тысячнага рубяжу.

Генадзь Даніленка — адзін з найвопытнейшых працаўнікоў ААТ «Новыя Гараны». Вадзіцелю МАЗа-55102 — 62 гады, з іх 33 ён аддаў роднай гас­падарцы, а агульны працоўны стаж увогуле 45 гадоў!


Перавозчыка-тысячніка, які працаваў старанна і перавозіў за дзень па 150 тон збожжа, шчыра віншавалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі і дырэктар гаспадаркі Сяргей Дзямі­дзёнак. Яны дзякавалі яму за станоўчы прыклад, які вадзіцель паказвае калегам, за шматгадовую працу і імкненне да поспеху.
Машыне, на якой працуе Генадзь Сяргеевіч, пайшоў толькі трэці год. «Новая тэхніка — адно задавальненне, таму і тысячу перавёз!» — падсумаваў нашу размову герой жніва.

Мікалай Скарадзёнак з ААТ «Кушлікі» працуе на аўтамабілі ГАЗ 35071, які перавозіць усяго 6 тон. Але гэта не перашко­дзіла яму стаць перавозчыкам-тысячнікам. Мужчына вельмі старанны, уважлівы да тэхнікі, патрабавальны да сябе. З пачатку ўборачнай кампаніі ён не верыў, што стане тысячнікам. Але дапамаглі добрае надвор’е, высокія ўраджаі зерневых і, канешне, прафесіяналізм. Прафсаюзныя падарункі і прэмія, словы падзякі ад кіраўніка гаспадаркі Фёдара Завацкага ўзнялі працоўны настрой вопытнаму вадзіцелю, які ўжо некалькі сезонаў запар становіцца тысячнікам.

Леанід Станкевіч без памочніка працуе на камбайне «КЗС- 10» і ў сваёй групе замкнуў сёлетняе раённае спаборніцтва сярод камбайнераў-тысячнікаў. У сваім сельгаспрадпрыемстве ён — першы і адзіны з тысячным намалотам. «Прыемна быць пера­можцам, добра, што ёсць раённае спаборніцтва сярод камбайнераў, ёсць да чаго імкнуцца», — прызнаваўся Леанід Ільіч, калі яго ўшаноўвалі старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі і дырэктар гаспадаркі Аляксандр Ярахновіч.

«Леанід Ільіч працаваў нараўне з усімі, не на самых лепшых палях, але ў яго, дзякуючы вялікаму вопыту і прафесіяналізму, атрымалася стаць тысячнікам. Камбайн у яго амаль новы: спраўна працуе чацвёрты сезон», — задаволена расказваў Аляксандр Ярахновіч.

Камбайнер папаўняе кагорту лепшых працаўнікоў жніва не першы год. Яго жонка, 24-гадовая дачка і 12-гадовы сын разам з ім чакалі тысячны намалот. Яны падтрымлівалі галаву сям’і, падба­дзёрвалі, і ён перамог усім на радасць.

Фота аўтара.