Летнія канікулы старшакласніца Гаранскай СШ Карына Галай запомніць на ўсё жыццё: бацька дазволіў ёй працаваць разам з ім на камбайне, займацца ўборкай зерневых культур.
Дачка з дзяцінства цікавіцца тэхнікай, нібы хлапчук, — расказаў Аляксандр Уладзіміравіч. — Змалку яна была маім «хвосцікам». Зараз пасталела, адчула, што мае сілу і жаданне працаваць нібы дарослая…
Карына старанна рыхтавала камбайн да выезду ў поле. Наводзіла парадак у кабіне, мыла шыбы.
— Люблю катацца на камбайне, назіраць, як ідзе жніво. Зараз зерневыя саспелі, палі сапраўды залатыя! — падзялілася думкамі дзяўчына.
Хоць да працы яна і здатная, але прыродная дзявочая сціпласць прысутнічае. Нашай размовы яна крыху саромелася.
Школьніцу не пужае, што ёй трэба ўстаць на досвітку, каб ехаць на працу. Яна адчувае сябе дарослай і адказнай. Задаволена, што вабіць час з карысцю. Яе аднакласнікі — 6 юнакоў і 5 дзяўчат — нават і не здагадваюцца, што Карына — удзельніца ўборачнай кампаніі, зарабляе свае ўласныя грошы. На пытанне, які школьны прадмет у яе самы любімы, маладая памочніца камбайнера адказала: «Беларуская мова». А наконт выбару будучай прафесіі распавяла, што плануе стаць поварам ці афіцыянтам.
Бацька ганарыцца працавітай дачкой. Сам ён — хлебароб з вялікім стажам, з 2011 года ўдзельнічае ва ўборачных кампаніях. Прозвішча Галай у іх гаспадарцы распаўсюджанае. Акрамя Аляксандра Галая ў ААТ «Новыя Гараны» працуюць: механізатарам — яго брат Ігар, а жонка Наталля і дачка Вікторыя — жывёлаводамі. «Мая маці Клеапатра Ануфрыеўна Галай даглядала ў калгасе цялят. Мы з братам прыходзілі на ферму ёй дапамагаць. З дзяцінства вырашылі, што будзем працаваць у сельскай гаспадарцы, на роднай зямлі», — расказаў хлебароб.
На працу Карына прыязджае на новенькім электрасамакаце. Дзяўчына разумее, што гэта не танная цацка, таму вырашыла зарабіць грошай, каб часткова кампенсаваць бацьку кошт першага ў яе жыцці ўласнага транспарту.