Час бяжыць. Веснавое надвор’е з дзённай плюсавой тэмпературай і начнымі замаразкамі спрыяе таянню снегу і працы ў полі.
Пра гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый Полацкага раёна да правядзення веснавых палявых работ ішла размова ў аграгарадку Гомель, на базе УП «Палімір-агра», на выязным пасяджэнні Полацкага райвыканкама, якое правёў яго старшыня Ігар Марковіч.
— Земляробы сур’ёзна рыхтуюцца да прадстаячага экзамену, які сёлета ў плане фінансавага забеспячэння вельмі цяжкі, — паведаміў намеснік старшыні райвыканкама–начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалай Баратынскі. Агульная пасяўная плошча сельгаскультур у 2022 годзе складзе 31,4 тыс. га. Пад зерневыя, зернебабовыя культуры на збожжа плануецца заняць 13,0 тыс. га (што складае 43% ад раллі). Сёлета плануецца атрымаць 34,8 тыс. тон збожжа (пры ўраджайнасці 26,7 ц/га), 5,3 тыс. тон рапсу. Плошча яравой сяўбы складае 13 526 га, плошча веснавога ворыва — 3003 га.
З 12 гаспадарак, якія ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі Полацкага раёна, 7 уваходзяць у Полацкае аграпрамысловае аб’яднанне ААТ «Полацкі малочны камбінат». Пра падрыхтоўку і правядзенне пасяўной кампаніі ў гэтых гаспадарках распавёў Мікалай Муравейка, начальнік упраўлення па раслінаводстве і механізацыі прадпрыемства. Па яго словах, на кантролі ў аграпрамысловым аб’яднанні знаходзяцца закупка насення і ўгнаенняў, рамонт тэхнікі, кадры і іншае.
На працягу сакавіка гаспадаркамі раёна прадоўжыцца набыццё збожжа, угнаенняў за крэдытныя рэсурсы гаспадарак, з дапамогай прадпрыемстваў-інвестараў, за сродкі абласнога бюджэту.
Заданне па вывазцы і ўнясенні арганікі пад веснавую сяўбу складае 350 тыс. тон, ужо нарыхтавана 208,5 тыс. тон.
Да пасяджэння райвыканкама гатоўнасць трактароў была на ўзроўні 81%, у тым ліку энерганасычаных 92%, плугоў 80%, камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў 78%, камбінаваных пасяўных агрэгатаў 72%, сеялак зерневых 80%. З раённага бюджэту на рамонт тэхнікі сёлета выдзелены значныя сродкі.
На веснавых палявых работах будзе выкарыстана дызельнае паліва, набытае за крэдытныя рэсурсы, надбаўкі з бюджэту, уласныя сродкі гаспадарак.
Распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на бяспечную эксплуатацыю машын і трактароў, а таксама на бяспечную працу абслугоўваючага персаналу. Запланаваны інструктажы па захаванні правілаў бяспекі, навучанне па праграмах пажарна-тэхнічнага мінімуму, медыцынскія агляды. Работнікаў, якія будуць задзейнічаны на вясенне-палявых работах, забяспечаць спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы і гарачым харчаваннем.
Запатрабаванасць механізатараў для правядзення веснавых палявых работ — 370 чалавек, маецца 245. Да пасяўной кампаніі будуць прыцягнуты 62 механізатары з прадпрыемстваў і арганізацый Полацка і Полацкага раёна.
Пра стан падрыхтоўкі да веснавой кампаніі гаспадарак «Полацк-Мілк», «Захарнічы» і «Блізніца», якія маюць праблемы з рамонтам тэхнікі, наяўнасцю насення і ўгнаенняў, распавялі іх кіраўнікі.
Практычная частка пасяджэння выканкама прадоўжылася на мехдвары УП «Палімір-агра» і іншых сельгасаб’ектах прадпрыемства. Дырэктар гаспадаркі Яўген Антоненкаў распавёў пра набыты вопыт працы з падрыхтоўкай тэхнікі да веснавых работ, з вядзеннем уліку і кантролю за расходваннем паліва. Удзельнікі пасяджэння наведалі зернесховішча і ферму з мэтай азнаямлення з зімоўкай жывёлы на бяспрывязным утрыманні.
Старшыня райвыканкама Ігар Марковіч звяртаў увагу прысутных на гаспадарчы падыход у арганізацыі падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі кіраўнікоў гаспадарак.