Спецыялісты з ААТ «Новыя Гараны» Полацкага раёна занялі другое месца ў конкурсе прафесійнага майстэрства.

Заботы сельские

Паспяховая праца галіны жывёлагадоўлі ў многім залежыць ад прафесіяналізму і майстэрства аператараў па штучным асемяненні жывёл. Для таго, каб карова давала малако, яна павінна быць здаровай. На гэтым шляху ўзнікаюць пэўныя цяжкасці, якія здольныя ўхіліць спецыялісты высокага класу.

Менавіта такія кадры ўдзель­нічалі ў рэспубліканскім конкурсе майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні жывёл, які па ініцыятыве Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь сёлета праходзіў у Брэсцкай вобласці.

Яго мэта — стымуляваць прафесіяналізм працаўнікоў галіны, якія карпатліва і сістэмна працуюць над паляпшэннем аднаўлення статка. А сур’ёзны прызавы фонд падкрэслівае значнасць мерапрыемства для беларускай жывёлагадоўлі. Прызёр за І месца атрымлівае 170 базавых велічынь, за ІІ — 140, за ІІІ — 110. Удзельнікі рэспубліканскага конкурсу прайшліі абласны этап адбору. Па паказчыках працы за год (выхад цялят — 96 на 100 кароў) падыйшло звяно з ААТ «Новыя Гараны» ў складзе ўрача-гінеколага Леа­ніда Мурашкі, заатэхніка-селекцыянера Асі Храмцовай і асеменатара Аксаны Мурашкі.

Прадстаўніца нашай каманды Аксана Мурашка ў мінулым годзе заняла прызавое ІІІ месца як аператар па штучным асемяненні. Сёлета, да радасці жанчыны, неабходную колькасць балаў (48,6 з 50) для ўдзе­лу ў конкурсе набрала звяно іх племянной гаспадаркі.

Спецыяліст расказала:

— Удзел у такім высокім форуме — вялікая адказнасць за свой калектыў. Ёсць магчымасць падзяліцца вопытам, лепшае ўзяць на ўзбраенне. І можна праславіць свой родны край на ўсю краіну!

Удзельнікаў конкурсу чакалі тэарэтычныя і практычныя іспыты. Леаніду Мурашку давялося адказваць на 25 пытанняў тэста, а потым збіраць анамнез па карове, паказваць валоданне апаратам УГД. Аксана Мурашка праводзіла размарозку семянного матэрыя­лу, вызначала яго якасць, расказвала, як пісьменна і тэхналагічна правесці рэктацарвікальнае асемяненне. Самае вялікае выпрабаванне выпала Асі Храмцовай. Жанчына па прафесіі бухгалтар, а працуе заатэхнікам-селекцыя­нерам. На конкурсе ёй давялося адказваць на пытанні па селекцыйна-племянной рабоце. Яна рыхтавалася, чытала літаратуру, назірала за працай калег. У выніку справілася з практыкай і тэорыяй. Звяно Віцебскай вобласці набрала па тэорыі 22,67 бала з 25, па практыцы — 21,3 бала з 25. Усяго, з улікам балаў, з якімі прыехала, — 92,57 бала са 100 і заняла другое месца, прапусціўшы наперад толькі звяно з Брэсцкай вобласці!

У ААТ «Новыя Гараны» заа­тэхнік, асеменатар і ветурач працуюць у цесным кантакце. Гэта акалічнасць дапамагла паспяхова выступіць на конкурсе. Спецыялісты разуме­юць, што штучнае асемяненне жывёл — важнейшы тэхналагічны фактар пры вытворчасці малака і мяса. Спыняцца на дасягнутым новагаранцы не збіраюцца: дыпломы за ІІІ і ІІ месцы ў рэспубліканскім конкурсе лепшых спецыялістаў па штучным асемяненні ўжо заваяваны, хочацца быць і пераможцамі!

Фото Алины БОЛЬШАКОВОЙ.