Напярэдадні Дня беларускага пісьменства у нашым горадзе прайшоў шэраг мерапрыемстваў у рамках цудоўнага, узнёслага свята — «Скарынаўскія дні ў Полацку».
Асэнсаваць значнасць пісьменнага роднага слова, узгадаць знакамітага беларускага першадрукара, навукоўца і асветніка, палачаніна Францыска Скарыну і аддаць даніну павагі той вялікай справе, распачынальнікам якой ён стаў на зямлі сваіх продкаў, — усё гэта магчыма было зрабіць на святочных пляцоўках, якія аб’ядноўвалі арганізатараў, удзельнікаў і гледачоў у адзіную вялікую сям’ю нашчадкаў гістарычнай асобы.
Адна з такіх пляцовак, а дакладней — самы сапраўдны літаратурны бульвар — адкрыўся ля Цэнтральнай бібліятэкі імя Ф.Скарыны. Менавіта тут, ля сцен галоўнай полацкай інтэлектуальнай скарбніцы, сабраліся сапраўдныя сябры літаратурнага слова. А яе вялікасць Кніга была галоўным героем свята. Супрацоўнікі Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы паклапаціліся пра тое, каб цікава было кожнаму з гасцей: моладзі, дзятве і людзям сталага ўзросту.
Тут гучалі і рок, і лірычная музыка, і пранікнёныя вершаваныя радкі сябраў Беларускага літаратурнага саюза «Полоцкая ветвь». На выставе «От мала до велика» можна было пабачыць выданні рознага фармату, жанру і стылю. Інфармацыйны стэнд «Скарына ў свеце» распавядаў пра тое, як далёка вядома імя нашага земляка за межамі яго радзімы. Найбольш дасціпным прапаноўвалася паўдзельнічаць у парадзе забытых літараў, праверыць свае веды літараў старарускага алфавіта або проста даведацца пра іх гісторыю.
Не менш карысна для настрою было зазірнуць і ў «Аптэку для душы», дзе галоўны бібліёграф Надзея Калужонак распавядала ўсім жадаючым пра цікавую форму аздараўлення — бібліятэрапію. Аказваецца, чытанне трапна выбранай кнігі здольнае рэальна дапамагаць нам у жыцці! І мы, як іншыя ўдзельнікі свята, таксама прыхапілі на ўсялякі выпадак улёткі з назвамі твораў, да якіх карысна звяртацца ў той ці іншай жыццёвай сітуацыі.
Літаральна побач палачане з імпэтам акуналіся ў «Кнігазварот», дзе можна было бясплатна ўзяць сабе кнігу, якая зацікавіла. Буккросінг — справа для нас ужо добра вядомая і даволі папулярная. Дарэчы, кнігі, якія адпраўляюцца да новых гаспадароў з Цэнтральнай бібліятэкі імя Ф.Скарыны, разлятаюцца ў розныя бакі свету. Як адзначылі супрацоўнікі ўстановы, нават у Францыі ёсць такое «кніжнае прывітанне» з Полацка.
Зразумела, самай адметнай фігурай «ЧытайГорада» стаў Францыск Скарына (менавіта ў яго вобліку выступіў намеснік кіраўніка БЛС «Полоцкая ветвь» Аляксандр Раткевіч). І жадаючых атрымаць імянную грамату з яго рук было шмат. Як і тых, хто не ўпусціў магчымасць выпіць з ім кубачак гарбаты з баранкамі і сфатаграфавацца на памяць!
З цікавасцю юныя палачане далучаліся да інтэрактыўнай дзіцячай пляцоўкі «Readers-тусоўкі». Глядзелі тэматычныя відэаролікі, гулялі ў лато «Бібліяшанц», удзельнічалі ў працы крэатыў-лабараторыі «Я чытаю» і нават пераўтвараліся ў артыстаў Тэатра-экспромта. Так, ад усёй душы павесяліліся вучні 5 «А» класа СШ №10, калі пад кіраўніцтвам бібліятэкараў разыгралі казачку «Як асляня шчасце шукала». З не меншым задавальненнем рабяты дэманстравалі сваё веданне пісьменнікаў і літаратурных твораў. А ў выніку — усе дзеці атрымалі сувеніры на памяць пра цудоўныя гульні і забавы, падрыхтаваныя работнікамі дзіцячай бібліятэкі імя Л.Талстога.
…А тым часам не менш цікавыя і змястоўныя святы адбываліся ў мікрараёне «Марыненка», ля бібліятэкі імя Я.Купалы, у цэнтры горада, на плошчы Францыска Скарыны. Больш за сто разнастайных і цікавых мерапрыемстваў прайшло ў рамках свята «Скарынаўскія дні ў Полацку». Яскравае, жывое слова, што гучала на свяце і што гучыць праз гады і стагоддзі ў друкаваных радках паслядоўнікаў Францыска Скарыны, і сёння кранае людскія сэрцы. Трапяткім агеньчыкам асвятляе нашы душы і вядзе за сабой самым верным, нязменным шляхам — шляхам асветніцтва і дабрыні.
Скарынаўская алімпіяда
Педагогі і работнікі культуры пастараліся, каб усе палачане — і малыя, і дарослыя — яшчэ раз узгадалі, што яны — нашчадкі славутага земляка, асветніка Францыска Скарыны. І адно з самых знакавых мерапрыемстваў — Скарынаўская алімпіяда, якая на працягу двух дзён, 5-6 верасня, праходзіла на базе Полацкай дзяржаўнай гімназіі №2. Удзел у інтэлектуальным спаборніцтве прынялі 14 каманд па 5 чалавек са школ Полацка, Полацкага раёна і Наваполацка. Вучням неабходна было напісаць эсэ, выканаць комплекснае заданне па гісторыі, выразна прачытаць верш на беларускай мове і прадэманстраваць прамоўніцкае майстэрства. А тэматыка кожнага задання, канешне,– жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны, гісторыя роднага Полацка.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Афанасьеўна Драздова адзначыла, што Скарынаўская алімпіяда, якая прайшла ў пачатку навучальнага года, стане добрай матывацыяй для дасягнення новых вынікаў. Бо любое спаборніцтва — гэта магчымасць прадэманстраваць свае веды і ацаніць узровень супернікаў. Ірына Афанасьеўна ўпэўнена, што Скарынаўская алімпіяда стане традыцыйнай і больш маштабнай. Магчыма, ужо ў наступным годзе ўдзел у ёй прымуць не толькі вучні Полаччыны, але і школьнікі з другіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці.
— Усе ўдзельнікі паказалі высокі ўзровень. Асабліва ўразіў конкурс прамоўніцкага майстэрства. Дзяўчаты і хлопцы падрыхтавалі для сваіх выступленняў касцюмы, музычнае суправаджэнне. Гэта было сапраўднае свята, — падзялілася адна з арганізатараў алімпіяды, дырэктар СШ №2 Святлана Валюшкіна.
Святлана Міхайлаўна падкрэсліла важнасць алімпіяды ў арганізацыі сістэмнай і комплекснай падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў міжнародных конкурсах.
На плошчы Францыска Скарыны
А імёны пераможцаў былі названы ў мінулую суботу на ўрачыстым канцэрце «Мы — нашчадкі Скарыны», што адбыўся на імправізаванай сцэне ля помніка Францыску Скарыне. Цікавую святочную праграму для палачан падрыхтаваў Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі, Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Францыска Скарыны разам з творчымі калектывамі школ Полаччыны.
А пачалася святочная імпрэза, канешне, з прамовы самога Скарыны, у ролі якога выступіў знакаміты полацкі акцёр Валянцін Пятровіч Нагорны. Ён даў наказ усім прысутным — любіць і шанаваць роднае слова.
Пасля Ірына Афанасьеўна Драздова ўручыла дыпломы пераможцам Скарынаўскай алімпіяды, пажадала поспехаў і новых перамог знаўцам гуманітарных навук. Трэцяе месца раздзялілі каманды СШ №15 і №16, другое прысуджана ПДГ №2, першае — ліцэю г.Наваполацка. Першымі ў намінацыі «Скарынаўская алімпіяда: напісанне эсэ» сталі палачане Ганна Катовіч (ПДГ №2) і Мікіта Куканенка (Полацкае кадэцкае вучылішча). І ў намінацыі «Скарынаўская алімпіяда: комплексная работа па гісторыі» лепшы вынік паказала таксама вучаніца полацкай школы — Марыя Нарушэвіч (СШ № 12).
У займальным падарожжы ў краіну ведаў верны спадарожнік — кніга. У рамках Скарынаўскіх дзён у Полацку прайшла дабрачынная акцыя «Падары дзецям кнігу». Яе актыўнымі ўдзельнікамі сталі сем’і полацкіх школьнікаў, калектывы ўстаноў адукацыі. Усю сабраную мастацкую літаратуру дырэктар Полацкага раёнага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Задаліна разам з актывістамі маладзёжнага валанцёрскага руху на святочным канцэрце перадала выхаванцам Полацкага дзіцячага сацыяльнага прытулку і Ветрынскай школы-інтэрната. Наталля Уладзіміраўна расказала, што акрамя кніг для гэтых устаноў былі сабраныя канцтавары ў ходзе акцыі «Дзеці-дзецям».
Дырэктар Полацкага дзіцячага сацыяльнага прытулку Анжэла Валасевіч шчыра падзякавала палачанам, якія прынялі ўдзел у акцыях.
Дарэчы, усе ўдзельнікі дабрачыннай акцыі «Падары дзецям кнігу» ўзнагароджаны фірменнымі сертыфікатамі Скарынаўскіх дзён.
Атрымалі віншаванні на святочным канцэрце і ўдзельнікі фотаконкурсу «Кніга і чытанне». Ірына Русецкая (СШ №15), Марыя Лісоўская (Вароніцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа) і Ксенія Матвеева (СШ №8) узнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені; Кацярына Рашэтнікава (СШ №18), Яўген Дзедушкоў (ПДГ №1)і Дар’я Рачыцкая (СШ №2) апынуліся на другім месцы; першымі сталі Уладзіслава Жаваранкава (Фарынаўская СШ) і Ангеліна Іванова (Полацкае кадэцкае вучылішча).
Падчас Скарынаўскіх дзён полацкія школьнікі змаглі акунуцца ў атмасферу скарынаўскай эпохі: наведвалі кніжныя выставы, музейныя ўрокі. І адным з самых цікавых мерапрыемстваў свята стаў фінальны этап краязнаўчага квесту «Полацкія лабірынты», арганізатарам якога выступіў аддзел турызму, краязнаўства і экскурсій Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Усяго ў квесце прынялі ўдзел 17 каманд навучальных устаноў Полацка і Полацкага раёна.
— Гэта вельмі цікавае спаборніцтва. Спадзяюся, што яго ўдзельнікі стануць калі-небудзь гісторыкамі і краязнаўцамі, — адзначыла падчас узнагароджання пераможцаў квесту дырэктар Музея беларускага кнігадрукавання Алена Шумовіч.
Хто ж стаў лепшым знаўцам полацкай гісторыі? Журы вырашыла адзначыць пяць каманд. Пераможцамі сталі вучні Полацкага кадэцкага вучылішча, на другім месцы — СШ №6, на трэцім — СШ №15, на чацвёртым — СШ №1, на пятым — ПДГ №1.
Спецыяльна да свята вучнямі ўстаноў адукацыі Полаччыны быў створаны памятны альбом «Лісты нашчадкам». Па меркаванні арганізацыйнага камітэта свята «Мы — нашчадкі Скарыны» самымі цікавымі прызнаны творчыя працы вучняў Полацкага кадэцкага вучылішча і СШ №9. Гэтыя пасланні прагучалі на імправізаванай сцэне. А памятны альбом школьнікі перадалі Музею беларускага кнігадрукавання.
Добры настрой на святочным канцэрце стваралі дзіцячыя творчыя калектывы Полаччыны.
Аб’яднанні па інтарэсах
А пасля шыкоўнага канцэрта школьнікаў чакала яркая панарама-прэзентацыя гурткоў і клубаў па інтарэсах Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Адразу ўвагу ўсіх прысутных прыцягнуў «Жывы куток». Малыя імкнуліся бліжэй падысці да жывёл. Прыгожыя мадэлі судоў прыйшліся даспадобы як дзецям, так і дарослым. Шматлікіх гледачоў собрала паказальнае выступленне клуба картынгістаў і рэкламна-прафілактычная акцыя атрада юных інспектараў дарожнага руху. На плошчы было столькі цікавага і незвычайнага, што складана пералічыць: прэзентацыі, майстар-класы, інтэлектуальныя гульні. Тут кожны школьнік змог даведацца, як здорава і з карысцю можна правесці вольны час у аб’яднаннях па інтарэсах.
І гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы, што чакалі палачан на свяце. На алеі па праспекце Францыска Скарыны працавала выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Мы — Скарынавы ўнукі». На ёй былі прадстаўлены работы вучняў і настаўнікаў устаноў адукацыі Полацкага раёна. Адразу прыцягваў увагу вялізны карабель, сплецены з паперы. Такі незвычайны экспанат быў прадстаўлены СШ №16, а зрабілі гэта дзіва настаўніца працоўнага навучання СШ №16 Галіна Сініцына разам са сваімі вучнямі. Цікавую экспазіцыю прадставіла і СШ №3 — лялек у народных строях розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Кожная ўстанова адукацыі пастаралася паказаць самыя цікавыя работы вучняў і настаўнікаў: вышыўку, аплікацыі, выцінанку, вязаныя вырабы, цацкі і многае іншае. Экспазіцыі можна было разглядаць бясконца, бо там былі прадстаўлены сапраўдныя шэдэўры.
Скарынаўскія дні ў Полацку сталі святам роднага слова і творчасці. І падарылі жыхарам і гасцям старажытнага горада пазітыўны восеньскі настрой і незабыўныя ўражанні.
Аксана ШУЙСКАЯ і Валянціна ШАВЯКА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА і Ігара ПАЛЫНСКАГА.