Сёлетняя пасяўная ў Полацкім раёне праходзіць у складаных умовах надвор’я.

Заботы сельские

Сёлетняя пасяўная ў Полацкім раёне праходзіць у складаных умовах надвор’я. Аграрыі глядзяць на каляндар, імкнуцца захаваць тэрміны сяўбы культур, а нябесная канцылярыя дыктуе свае правілы, выпрабоўваючы працаўнікоў палёў на трываласць то начнымі замаразкамі, халодным ветрам і дажджом, то неспа­дзяваным дзённым сняжком (калі мы ў маі яго бачылі?). Але сваю галоўную задачу — сеяць хлеб — сяляне ведаюць добра, і  халоднае надвор’е для іх — з’ява часовая.

За адказам на пытанне, як усё ж-такі працуецца механізатарам у полі, мы накіраваліся ў ААТ «Полацкі аграсервіс». Гэтая гаспадарка ўжо выканала план сяўбы яравых культур на 63%. Вопытны галоўны аграном Анатоль Гіль расказаў, што сёлетнім летам споўніцца 33 гады, як ён працуе на гэтых палях. Сам Анатоль Іосіфавіч родам з Міншчыны, у яго на радзіме іншыя кліматычныя ўмовы і падыходы да апрацоўкі глебы. У нашай размове ён успамінаў, як прывыкаў да прыроды нашага полацкага краю, на якой тэхніцы працавалі механізатары ў пачатку яго працоўнай дзейнасці, якія даводзіліся планы. Сёння, на яго думку, што ні кажы, а лепшы час: насенне якаснае, трактары магутныя, сеялкі мадэрнізаваныя. Дырэктар гаспадаркі Віктар Хвошч да падначаленых ставіцца з павагай, імкнецца дапамагаць ва ўсім.
— У нашых планах 1200 гектараў яравой сяўбы, з іх пад кукурузу — 350 гектараў, пад яравы рапс — 220 гектараў і астатняе — збожжавыя культуры, якія пойдуць на корм і на збожжа. Збожжавыя нашы адпаведна з планам мы ўжо пасеялі, зараз сеем яравы рапс і кукурузу. Вясна сёлета халодная, сырая, таму мы спачатку рыхтуем глебу, падсушваем, а потым сеем. На сяўбе задзейнічаны штодзённа 18-20 механізатараў, паляводы, агранамічная і інжынерная службы. Усе працуюць адказна, каб выканаць планы. Хлебаробы традыцыйна забяспечваюцца гарачым харчаваннем, — расказаў Анатоль Гіль.
У іх гаспадарцы касцяк механізатараў і спецыялістаў склаўся даўно. Многія працуюць разам ужо больш за 20 год. Надзейныя і адказныя Аляксандр Рагавы, Мікалай Жураў, Васіль Арлоў, Аляксандр Паплеўка, Іван Краўцоў. На іх плячах, акрамя сяўбы, — унясенне даламітавай мукі, угнаенняў. Галоўны аграном ганарыцца механізатарамі, сапраўднымі майстрамі сваёй справы, якія, па яго словах, могуць рабіць цуды на полі.
Ля вёскі Арэхавічы вопытны механізатар Васіль Арлоў (на фота) сеяў рапс. Згадзіўся спыніцца толькі на хвілінку, бо надыходзіла хмара, якая магла прынесці дождж ці снег. Васіль Васільевіч прывык цаніць кожную працоўную хвіліну. Ён працуе на зямлі ўжо 30 год, хлебаробскую справу ведае выдатна. Наконт халоднага надвор’я сказаў, што яму працуецца ў такіх умовах добра. План сяўбы ён што­дзённа выконвае, імкнецца працаваць якасна. Васіль Васільевіч — бацька дваіх дзяцей, у яго ўжо ёсць тры ўнукі. «Ёсць для каго працаваць, хочацца для сям’і дабрабыту», — усміхаўся спецыяліст.
Анатоль Гіль расказаў, што, нягледзячы на веснавыя цяжкасці, гэтая пара года яму па душы. Ураджайная восень таксама па-свойму радуе, але вясной абуджаецца прырода, і поле цешыць душу першымі ўсходамі. Гэтая прыгажосць — тая галоўная крыніца, адкуль чэрпае сілу вопытны аграном.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *