Сёлета «Полацкаму весніку» спаўняецца сто пяць гадоў

Год исторической памяти Общество

Сёлета 17 красавіка «Полацкаму весніку» спаўняецца сто пяць гадоў. За гэты час газета больш за дзесяць разоў мяняла сваю назву. Ва ўсе часы ў ёй працавалі і ёю кіравалі людзі, адданыя друкаванаму слову.

За 105 гадоў «Полацкі веснік» стаў сапраўднай візітоўкай рэгіёна, нашу газету любяць і чакаюць, у яе ёсць верныя сябры і надзейныя партнёры. Але перш чым стаць тым «Полацкім веснікам», які мы сёння дастаем з паштовай скрыні ці набываем у кіёску, газета прайшла доўгі і цярністы шлях.

Для многіх газета стала часткай жыцця, камусьці дала пуцёўку ў вялікую літаратуру ці журналістыку, а для пастаянных чытачоў яна заўсёды была і застаецца нечым большым, чым некалькі друкаваных аркушаў паперы. Калектыў «Полацкага весніка» ведае: ад яго чакаюць самых свежых, самых яскравых  навін! Нярэдка здараецца так, што газета становіцца адзіным памочнікам, які змог вырашыць, здавалася б, невырашальную праблему. 

Людзям у імклівым ХХІ стагоддзі цяжка ўявіць сабе тыя праблемы, з якімі сутыкаліся горад і раён у 1960-я, 1940-я ці 1920-я гады мінулага стагоддзя. Але, гартаючы газетныя старонкі, мы можам даведацца шмат цікавага і карыснага з гісторыі Полаччыны. Пра тое, як яна жыла ў першыя гады Савецкай улады, як аднаўлялася пасля чарговай вайны, якімі падзея­мі было напоўнена гарадское і сельскае жыццё ў эпоху перабудовы і стварэння незалежнай Беларусі, — пра гэта і многае іншае мы раскажам у серыі матэрыялаў пад назвай «Па старонках гісторыі», якая пазнаёміць сучаснага чытача з тым, калі, як і пра што пісала полацкая газета больш за стагоддзе свайго існавання. А яшчэ — з лю­дзьмі, якія ў пэўны час узначальвалі творчы калектыў або ў жыцці якіх газета адыграла значную ролю.