Штодзень на палі гаспадарак Полацкага раёна выязджаюць больш за 40 камбайнаў, каб своечасова і якасна ўбраць вырашчаны ўраджай зерневых.
Пасля мінулых выхадных план уборкі хлеба па Полацкім раёне выкананы на 43,8%. Сярэдняя аддача хлебнай нівы — 27,5 ц/га, але ў некалькіх гаспадарках — у ААТ «Кушлікі», УП «Гараны-Агра», філіяле «Вясна-энерга» і УП «П-С Карпекі» — яна перавышае 30 ц/га. Па намалоце зерня сярод гаспадарак лідзіруюць УП «Гараны-Агра» (1447 т) і філіял «Вясна-энерга» (1069 т). Імкнуцца не згубіць ураджай і хлебаробы іншых гаспадарак.
Учора кіпела праца на адным з палёў УП «П-С Карпекі» — ішла ўборка азімай пшаніцы.
— У параўнанні з мінулым годам ураджайнасць пшаніцы меншая — было 40 цэнтнераў на круг, сёлета — 34, — расказаў галоўны аграном гаспадаркі Анатоль Рубніковіч. — Свой уплыў аказала засуха. Але ёсць і неблагія ўчасткі.
Удзельнікі ўборачнай не хацелі губляць працоўны час на размову, яны зацікаўлены ў добрых заробках. Кожны атрымаў расцэнкі за ўборку зерневых культур, план на дзень. Мужчыны імкнуцца яго перавыконваць.
— З сённяшняга дня пачалі здаваць ураджай дзяржаве, — паведаміў галоўны аграном. Даведзены план дзяржзаказу — 250 тон пшаніцы і 50 т ячменю.
Сёлета першыя камбайны УП «П-С Карпекі» выехалі ў поле 18 ліпеня. Першым убіралі азімы ячмень — новую для Віцебскай вобласці і для гаспадаркі культуру. На погляд спецыяліста Анатоля Рубніковіча, перазімоўка яго на палях была не вельмі спрыяльнай. Вясной культуру, якая займала плошчу 40 га, ратавалі ад хвароб. Атрымалі ўраджайнасць на круг 26 цэнтнераў.
Пшаніцу ўбіраюць з 28 ліпеня. З намалочаных 829 т зерня 724 т — пшаніца. Спачатку малацілі асобныя ўчасткі, а з канца месяца прыступілі да масавай уборкі.
Пётр Сініца пераехаў у Карпекі некалькі год таму з Шаркаўшчынскага раёна. Уладкаваліся на працу ўдваіх з жонкай у мясцовае сельгаспрадпрыемства. Пётр — добры механізатар, жонка — палявод. Пакуль маці траіх дзяцей знаходзіцца ў водпуску з дзецьмі, галава сям’і імкнецца зарабіць грошай. Часовая змена тэхнікі — трактара на камбайн — яму на радасць.
Пакуль размаўлялі, камбайнеры абедалі, а потым хутка занялі месцы ў кабінах. Там кандыцыянеры, камфортная тэмпература для працы. Сонца было яшчэ высока, праца чакала, праз некалькі хвілін камбайны, нібы караблі, паплылі па хлебным полі.
На ўборцы зерневых на камбайнах працуюць Мікалай Марозаў, Пётр Сініца, Барыс Глебка і прыцягнены з прадпрыемства-інвестара Ігар Вальмус. Вадзіцелі на адвозцы зерня на МАЗах Вадзім Данілаў і Дзмітрый Лузгін — таксама памочнікі з ААТ «Полацк-Шкловалакно». На пытанне «Як настрой?» мужчыны у адзін голас адказалі: «Працаваць!»